100 гадоў Антону Шукелайцу

100 гадоў Антону Шукелайцу

100 years19 ліпеня  папоўніўся лік  беларускіх доўгажыхароў у замежжы iмём сп. Антона Шукелойца, шырока вядомага ў беларускім замежжы і на Бацькаўшчыне  грамадзкага , палітычнага  і культурнага дзеяча.

Да гэтага часу 100 -гадовы жыцьцёвы парог перакрочыў  пяць гадоў  таму сп. Барыс Кіт. Як жартам зазначыў адзін з тых, хто віншаваў сп. Шукелойца з юбілеем, цяпер яны абодва могуць запачаткаваць адмысловы Клюб і прыцягваць іншых у ягоны склад. Каму б з нас не хацелася туды трапіць?


Слаўны юбілей сп. Шукелойца ўрачыста адзначаўся беларускай грамадою ў Нью-Ёрку ў гэты ж самы дзень ягоных народзінаў. Летняя сьпёка і жаданьне пабыць бліжэй да вады ці лесу не перавысіла жаданьне пабачыцца з юбілярам ды сьвяткаваць разам з ім і сябрамі. У грамадзкай залі пры Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага на Атлянтык Авэню 401 сабралася багата людзей. Усе чакалі юбіляра і сустрэлі яго апладысмэнтамі.

Урачыстасьць ладзіў Бруклінскі аддзел БАЗА. Напачатку ў залі загучаў гімн “Не пагаснуць зоркі ў небе” у выкананьні хору “Унія”. Як вядома, гэты музычны твор стаўся гімнам для беларусаў  у Заходняй Беларусі  пад час яе знаходжаньня ў складзе Польшчы.   Як раз на той час прыйшліся дзяцінства і маладосьць юбіляра, чые карані паходзяць з Ашмяншчыны, тады ж  пачаўся і ягоны шлях служэньня беларускай справе.

Першае слова для прывітаньня юбіляра ўзяў сп. Расьціслаў Гарошка – старшыня Парафіяльнай рады Сабору, у залі якога адбывалася сьвята. Ён нагадаў пра  актыўную ролю сп. Шукелойца, якую ён адыграў пры куплі гэтага будынка і таму зараз беларусы маюць сваю залю, дзе можа  адбывацца  сьвяткаваньне .

 

Сп. Шукелойц пражыў  да юбілею не проста доўгае, але паўнавартаснае, зьмястоўнае , годнае жыцьцё.  Заўсёды быў дзейсным, актыўным , здабываў асьвету і выкарыстоўваў напоўніцу свае веды дзеля грамадзкай працы. Далучыўся да беларускага жыцьця ў міжваеннай Вільні, перажыў нямецкую акупацыю ў Менску і здолеў у гэты складаны час знайсьці магчымасьці працаваць на карысьць беларускай справы. Перажыў шмат цяжкіх момантаў у жыцьці і ўрэшце вымушаны быў пакінуць Бацькаўшчыну і стаць выгнанцам на чужыне. І на эміграцыі ён знайшоў сваё месца, каб далей працягваць плённую беларускую дзейнасьць. Браў удзел амаль ва ўсіх накірунках грамадзкай працы сярод беларускай эміграцыі ў Амэрыцы. Цягам 32 гадоў сп. Шукелойц узначальваў Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне, якое аб’ядноўвае беларусаў цэлай Амэрыкі і ёсьць старэйшаю беларускай арганізацыяй у гэтай краіне, заснаванай у 1949 годзе.

Сп. Шукелойц  належыць да паваеннай хвалі беларускай эміграцыі ў Амэрыку, якая дзейнічала найбольш плённа і менавіта дзякуючы ёй амэрыканцы сталі ведаць пра Беларусь. Шаноўнымі гасьцямі юбіляра былі ягоныя паплечнікі са старэйшага пакаленьня – знакамітыя беларускія дзеячы Вітаўт Кіпель і Янка Запруднік. Сп. Кіпель узгадаў сваё знаёмства са сп. Шукелойцам пад час вайны і  налічыў  шэсьць пакаленьняў  сямьі Зоры І Вітаўта Кіпеляў, якія  зналіся з юбілярам, пачынаючы ад бацькоў  і да сёньняшняга маладзейшага пакаленьня  Кіпеляў – унукаў сп. Вітаўта,  якія, дарэчы, рослыя, як дубы,  былі прысутнымі  ў залі.

Сп. Запруднік выказаў  юбіляру  свае філязофскія развагі пра ягонае месца ў амэрыканскім беларускім жыцьці, параўнаў ягоную ролю з роляю гiраскопа – прыбора, які забясьпечвае раўнавагу. Сп. Шукелойц надаваў  такую раўнавагу  ўсяму грамадзкаму жыцьцю беларускай грамады . Сп. Запруднік таксама адзначыў важную ролю cп. Антона, як этнографа, што вельмі важна для выяўленьня нацыянальнай ідэнтычнасьці. Ён падараваў юбіляру паштоўку , якая была выдадзена па прапанове  сп. Шукелойца .

У сваім выступе сп. Зянон Пазьняк выказаў шмат добрых словаў  у адрас юбіляра, які даводзіцца яму земляком, яны абодва паходзяць з Ашмяншчыны. Нагадаў пра іх сумесную працу над кнігаю ўспамінаў, якая была выдадзена пад назваю “Гутаркі з Антонам Шукелойцам” ,  выказаў надзею, што ім яшчэ ўдасца запісаць працяг  успамінаў.

Сп. Ганна Сурмач прывітала юбіляра ад імя Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, зьвярнула ўвагу на тое, што з 66 гадоў існаваньня БАЗА сп. Шукелойц кіраваў арганізацыяй 32 гады –  амаль палову ўсёй  гісторыі дзейнасьці арганізацыі. Яна выказала сп. Шукелойцу самую шчырую падзяку за гэтую ягоную шматгадовую працу.

Сп. Ала Орса Рамана ўзгадала адзін вельмі рашучы паступак сп. Шукелойца, які меў нечаканы вынік. У 60-я гады, калі ў Амэрыку з візытам прыехаў Мікіта Хрушчоў, беларусы вырашылі скарыстаць нагоду, каб выказаць свой пратэст супроць савецкіх уладаў. З плякатамі стаялі на Пятай Авэню, дзе праязджаў картэж з савецкім госьцем.  Сп. Шукелойц нечакана вырваўся на сярэдзіну вуліцы перад картэжам і выставіў плякат з надпісам “Свабоду Беларусі”. Паліцыя арыштавала пратэстоўца. На наступны дзень у газэце Нью-Ёрк Таймс зьявілася фота з гэтым інцыдэнтам, фота мела надпіс “Расеец пратэстуе супроць Хрушчова”.

Сп.Юрка Азарка  прывітаў юбіляра ад імя Аддзела БАЗА ў Нью Джэрзі і выказаў  сп. Антону падзяку за ягоную працу на пасадзе старшыні БАЗА, якая была нялёгкаю і патрабавала шмат высілкаў. Таксама нагадаў, што сп. Шукелойц вельмі дзейсна  дапамагаў  беларускай  моладзі ў Амэрыцы.

Сп. Віталь Зайка прамаўляў ад імя Беларуска-Амэрыканскага Згуртаваньня “Пагоня” і выказаў юбіляру самую шчырую павагу.

Сп. Валянціна Якімовіч нагадала пра сваю першую сустрэчу са сп. Шукелойцам ў Кліўляндзе на Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі.

Была на сьвяце і госьць з Беларусі – Марыя Флар’яновіч з дачкою Ганнаю Галеба, якая жыве у Бостане.  Яны  выступілі з прывітаньнем і перадалі  па мастацку аформленае віншаваньне ад вядомага мастака Міколы Купавы.

З Беларусі пісьмова віншавалі сп. Шукелойца ад імя Згуртаваньня беларусаў сьвету  “Бацькаўшчына”.

Было зачытана цёплае, зьмястоўнае прывітаньне ад беларусаў Канады, якое даслалі старшыня Галоўнай управы Згуртаваньня беларусаў Канады Зьміцер Эльяшэвіч і старшыня Парафіяльнай рады Царквы сьв. Кірылы Тураўскага  ў Таронта Надзеі Дробінай.

Паштовае віншаваньне даслала  старшыня Гуртка БАЗА  у Вашынгтоне Алеся Кіпель.  На сьвяце згадвалася пра тое, што структура БАЗА  ў Вашынгтоне была створаная менавіта па прапанове сп. Шукелойца.

З Каліфорніі даслалі прывітаньне з грашовым чэкам  старэйшыя сябры БАЗА, якія належаць да хвалі паваеннай эміграцыі – Кацярына і Яраслаў Вініцкія.

З Нью Джэрзі юбіляра пісьмова прывіталі  ад  сямьі Стагановічаў, таксама ад Лёлі Касоўскай .

Прыемным завяршэньнем сьвята стаўся выступ Сяржука Сокалава-Воюша. Ён цёпла прывітаў сп. Шукелойца  і выканаў некалькі песьняў, якія прыйшліся да спадобы не  толькі юбіляру, але і цэлай залі, шмат хто з прысутных нават падпяваў барду , калі ён выконваў знакаміты “Аксамітны летні вечар…”. Сяржук прысьвяціў сп. Антону свой новы верш пад выразнай назваю “Сто”.

Не абышлося, вядома, і  без сьвяточнага торту, які выпякла маладая сяброўка БАЗА  Жанна Карнілава  і падаравала юбіляру, каб частаваў гасьцей. Было шмат кветак і  традыцыйнае  пажаданьне:  “Шмат  год, шмат  год, шмат  гадоў!”