Сустрэча з беларускай моладдзю ў Філадэльфіі

Сустрэча з беларускай моладдзю ў Філадэльфіі

Сустрэча ў Філадэлфіі
Сустрэча ў Філадэлфіі

15 жніўня выдалася цудоўнае надвор’е,  хаця трохі і прыпякала сонейка. Дарога да Філадэльфіі заняла дзьве гадзіны аўтобусам, якія праляцелі незаўважна ў  гутарках і назіраньнем  за краявідамі за вакном. Ехалі мы – прадстаўнікі Галоўнай управы БАЗА і Бруклінскага аддзелу на сустрэчу з беларускай моладдзю. Пра гэтае спатканьне было дамоўлена ўжо даўно і толькі  цяпер выдалася магчымасьць ажыцьцявіць задуманае.  Сустрэла нас  на вакзале  Натальля Ганчарук, сябра Галоўнай  управы БАЗА. Менавіта яна  была асноўным арганізатарам спатканьня. Наташу  мы ведаем ужо досыць доўгі час, як актыўную і нацыянальна сьведамую беларуску,  якая  і на чужыне імкнецца не страціць сваё нацыянальнае пачуцьцё, не дазваляе сабе перарваць сувязі з Бацькаўшчынаю. Яна ўжо двойчы абіралася ў склад Галоўнай упарвы БАЗА на Кангрэсах, як прадстаўніца  філадэльфійскіх беларусаў.

Беларуская моладзь у Філадэльфіі патроху гуртуецца.  Нам паведамілі , што  недзе прыкладна каля чатырох дзесяткаў чалавек  кантактуюць між сабою і часам зьбіраюцца на сяброўскія сустрэчы.  Толькі невялікая частка з іх прыйшлі на сустрэчу  ў гэты выходны дзень. Для бальшыні  выходныя дні – працоўныя, або занятыя вучобаю ці іншымі пільнымі справамі. Новае жыцьцё патрабуе шмат намаганьняў і вольны час не заўсёды знаходзіцца для грамадзкіх справаў.

Да арганізацыйнага аб’яднаньня моладзі  пакуль справа не дайшла, але, галоўнае, што гэтыя маладыя людзі памятаюць, што яны беларусы і не ідуць да іншых, а  імкнуцца  кантактаваць між сабою.  Мэта нашага прыезду якраз  і палягала ў тым, каб падтрымаць  гэты працэс, каб давесьці да маладых эмігрантаў неабходнасьць захоўваць сваю нацыянальную ідэнтычнасьць  далёка ад Радзімы.

Андрэй Цвікевіч і Яраслаў Муштукоў
Андрэй Цвікевіч і Яраслаў Муштукоў

Яны ў маладым веку апынуліся на чужыне і ладзіць новае жыцьцё  лягчэй з падтрымкаю суродзічаў. Таксама важна ў кантактах з амэрыканцамі і іншымі эмігрантамі прадстаўляць сябе годнымі людзьмі, якія маюць за сабою краіну, што яны не ёсьць перакаці-полем, без каранёў і Бацькаўшчыны, без сваёй адметнай нацыі. Пра гэта гаварыла ў сваёй сяброўскай прамове старшыня Галоўнай управы Ганна Сурмач. Прыемна было бачыць, як уважліва і зацікаўлена  слухалі  прысутныя.  Старшыня Бруклінскага аддзелу Тацьцяна Красоўская  распавяла пра гісторыю стварэньня БАЗА і яе структуры і запрасіла  філадэльфійскіх беларусаў наведвацца  ў Беларускі  цэнтр ў Нью-Ёрку  пад час розных імпрэзаў і сьвяткаваньняў і тым самым далучацца да  больш шырокага беларускага грамадзкага жыцьця ў Амэрыцы. Трэба адзначыць, што сябры Бруклінскага аддзелу з Філадэлфіі  прыязджаюць на мерапрыемствы БАЗА ў Нью Ёрк.  Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай атмасфэры. Маладыя людзі пакінулі па сабе вельмі прыемныя ўражаньні сваёй шчырасьцю, інтэлігентнасьцю, зацікаўленасьцю да беларускіх справаў.

Помнік Касьцюшкі ў Філадэлфіі
Помнік Касьцюшкі ў Філадэлфіі

Мы выказалі спадзяваньне, што гэтыя кантакты і сустрэчы  будуць працягвацца і надалей, што  нарэшце  ў Філадэльфіі будзе створана структура БАЗА – Гурток ці Аддзел. Такім чынам можа быць працягнута гісторыя беларускай прысутнасьці  ў Філадэльфіі – горадзе, дзе захоўваецца гісторыя Амэрыкі, дзе захоўваецца  душа гэтай краіны. Паваенная эміграцыя тут мела свае суполкі і актыўна ўдзельнічала ў агульнаамэрыканскім  беларускім жыцьці. Цяпер гэта варта аднавіць.

Пасьля спатканьня мы мелі некалькі гадзінаў, каб агледзець гістарычную частку гораду. Нашымі экскурсаводамі былі Наташа Ганчарук І Алена Літоўка.  Адчуваецца, што дзяўчаты любяць свой горад і распавядалі нам пра гістарычныя мясьціны. Філадэльфія  ўразіла мяне асабіста не толькі  гістарычнымі помнікамі, але і надзвычай  гарманічнай і густоўнай архітэктурай гораду.  Старыя і новыя будынкі зьліваюцца ў адзінае цэлае, не засланяюць адзін аднаго, а дапаўняюць і тым ствараюць непаўторны, асаблівы асяродак, гарадзкую прастору, якая цешыць вока, уздымае настрой і адчуваньне  велічы духу Амэрыкі.

Беларуская моладзь у Філадэлфіі
Беларуская моладзь у Філадэлфіі

Давялося там адчуць і гонар за сваю краіну, за нашу  нацыю, якая таксама ў розныя часы прыняла  разам з цэлым сьветам дзейсны ўдзел у будаўніцтве гэтай вялікай дзяржавы. На бульвары  Бенджаміна Фрэнкліна – галоўнай вуліцы цэнтальнай  часткі гораду  мы  натрапілі на велічны помнік і адразу пазналася – Тадэвуш Касьцюшка , наш нацыянальны герой і нацыянальны герой  ЗША.  У Філадэльфіі знаходзяцца два Нацыянальных мемарыялы  – Бенджаміна Фрэнкліна і Тадэвуша Касьцюшкі.

Пабывалі мы каля Звону Свабоды, каля будынку, дзе была прынятая Дэклярацыя аб незалежнасьці  ў  1776 годзе, 4 ліпеня.  Галоўная дата амэрыканскай гісторыі –  Дзень Незалежнасьці,  Дзень нараджэньня ЗША.  Мне міжволі падумалася, што мусіла я некалі прыехаць у гэтую краіну, бо  і я нарадзілася  4 ліпеня ,  амэрыканскія ўрадоўцы заўсёды мне цёпла  ўсьміхаюцца, бачачы ў дакумэнтах запіс пра дату народзінаў.

Прыемна было пачувацца, што мы – беларусы  тут ёсьць і сёньня ,  што  Касьцюшка мог бы быць задаволены сваімі суродзічамі, што пайшлі па ягоных сьлядах, што пераймаюць з пакаленьня ў пакаленьне справу беларускай прысутнасьці  сярод  іншых народаў Амэрыкі, якія ў магутнай  супольнасьці  трымаюць гэтую краіну на належнай вышыні.

За гэтую прыемную і карысную сустрэчу мы шчыра дзякуем нашым філадэльфійскім сябрам  – Натальлі Ганчарук, Натальлі Лукашэні, Алені Літоўцы, Яраславу Муштукову, Анрэю Цвікевічу, Сяргею Чачанцу.