Дзень вайсковай славы

Дзень вайсковай славы

Штогод 8 верасня беларуская патрыятычная грамадскасць адзначае адно з ганаровых і вялікіх нацыянальных святаў – Дзень беларускай вайсковай славы. Мінуў 501 год, як 8 верасня 1514 года паміж войскамі Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскім княствам адбылася адна з буйнейшых бітваў эўрапейскай гісторыі, якая стала трыюмфам беларускай зброі і адной з найвялікшых перамог у нашае ратнай гісторыі.

 Бітва под Воршай (у  экспазіцыі Нацыянальнага музэю ў Варшаве твор прыпісаны нямецкаму мастаку Хансу Крэлю)

Бітва под Воршай (у экспазіцыі Нацыянальнага музэю ў Варшаве твор прыпісаны нямецкаму мастаку Хансу Крэлю)

Адным з галоўных герояў вялікай Аршанскай бітвы быў вялікі гетман Канстанцін Астрожскі. Менавіта дзякуючы яго вайсковаму таленту, а таксама мужнасці і гераічнасці нашых ваяроў 30-тысячнае войска Беларуска-Літоўскай дзяржавы перамагло сілы, што пераўзыходзілі яго амаль у тры разы.
Перамога пад Воршай варта пачэснага месца ў нашай гісторыі перадусім таму, што ўратавала незалежнасць ВКЛ і на доўгі час спыніла экспансію мілітарызаванай маскоўскай дэспатыі. У выніку XVI стагоддзя стала залатым векам беларускай культуры.
Цікавы гістарычны факт – падчас бітвы пад Воршай, на дзідах вершнікаў ВКЛ меліся невялікія вымпелы з простым чырвоным крыжам на белым фоне, пазней гэты крыж знік, а чырвоная стужка стала павялічвацца. Фактычна гэты знак замацаваўся як наш вайсковы сцяг да 19-га стагоддзя і стаў правобразам беларускага штандара.
Кавалерыйскія сцяжкі на якіх змяшчаліся белыя і дзве чырвоныя палоскі, знайшлі адлюстраванне на карціне невядомага мастака «Бітва пад Воршай», напісанай некалькімі гадамі пазней за саму бітву.

Алена Рыдзеўская