Канцэрт у Нью-Ёрку

Канцэрт у Нью-Ёрку

У нядзелю, 11 кастрычніка , беларусы Нью-Ёрку сабраліся ў грамадзка-царкоўнай залі на Атлянтык Авэню 401. Амаль кожны тыдзень у гэтым беларускім цэнтры адбываюцца нейкія імпрэзы, мерапрыемствы, акцыі. Гэтая была асабліва цікавая, бо чакаўся канцэрт вядомай сьпявачкі Тацьцяны Матафонавай з Менску. Тацьцяну нью-ёркскія беларусы добра ведаюць. У 2009 годзе яна ўжо была тут з канцэртам і пакінула самыя добрыя ўражаньні і ўспаміны . Таму цяпер яе віталі з асаблівай цеплынёй і цікавасьцю. шчымлівыя родныя беларускія мелёдыі расхвалявалі прысутных, адгукнуліся у сэрцах болем і смуткам па далёкай Бацькаўшчыне. У многіх былі сьлёзы на вачах. Прысутныя сардэчна дзякавалі таленавітую сьпявачку і актыўную прапагандыстку беларускай культуры. Запрашалі у будучыні ізноў завітаць у Нью-Ёрк.

Тацьцяна Матафонава ў Нью-Ёрк прыехала з нагоды прафесійных музычных студыяў і адначасна пагадзілася парадаваць сваімі сьпевамі амэрыканскіх беларусаў у Нью-Ёрку і Кліўляндзе. Яна брала ўрокі ў опернага сьпявака з Метраполітан опера, які таксама выканаў на канцэрце знакамітае “О соле міо” .

Канцэрт гэты ніяк не быў прымеркаваны да той палітычнай падзеі, якая ў гэты дзень адбывалася ў Беларусі. Аднак, у слухачоў ён выклікаў не толькі эмацыянальныя пачуцьці, але і абвострыў цікавасьць да так званых прэзыдэнцкіх выбараў. Пасьля канцэрту ўвага прысутных накіравалася на вялікі экран на сцэне, дзе можна было назіраць наўпроставы рэпартаж пра акцыю пратэста ў цэнтры Менску супроць несумленных выбараў.

 IMG_2082IMG_2076IMG_2073IMG_2071IMG_2069