Ялінка ў Нью-Ёрку

Ялінка ў Нью-Ёрку

У нядзелю 10 студзеня ў Беларускім цэнтры на Атлянтык Авэню 401 было весела і шумна. У гэты дзень сярод прысутных было заўважна шмат дзяцей, бо там ладзілася штогадовая традыцыйная Ялінка для маленькіх беларусаў. Дарослыя ўжо адсьвяткавалі ўсе свае сьвяты і цяпер прыйшла чарга дзетак. Менавіта ім была аддадзеная ўся ўвага, адпаведна ўпрыгожаная заля, смачныя стравы. Дзетвара весялілася на ўсю моц – скакалі , танчылі , ігралі і сьпявалі. Усе прыгожа па-сьвяточнаму апранутыя, а самыя маленькія выглядалі найпрыгажэй у сваіх белых сукеначках з бялюткімі анёльскімі крыламі за спіною. Так іх апранулі дзеля ўдзелу ў тэатральнай каляднай дзеі, якую разам з імі падрыхтавалі старэйшыя . Aртысты пад кіраўніцтвам Вольгі Талатынік с дапамогай мастачкі Наталлі Сарагавец і Зьмітра Кавалёва прадставілі гледачам спектакль-батлейку. А потым дзеці з нецярплівасьцю чакалі зьяўленьня Сьв. Мікалая, які меў прыехаць з падарункамі. І не проста чакалі, але доўга гукалі і запрашалі яго, бо сьв. Мікалай троху прыпазьніўся і паведаміў, што ніяк не мог “прыпаркаваць” каля царквы свой вазок з аленямі. Ён папрасіў дзяцей дапамагчы яму несьці мяшок з падарункамі і трэба было бачыць гэтае відовішча, калі ўся дзетвара кінулася яму на дапамогу і гуртом цягнулі гэты мех. А сьв. Мікалай, аднак, не сьпяшаўся раздаваць падарункі, а спачатку прасіў дзяцей іх “зарабіць” – прасьпяваць песеньку, ці расказаць вершык, ці станчыць. Ад жадаючых не было адбою, усе цягнулі ўверх ручкі, каб паказаць свае таленты і атрымаць прысмакі. Нават самыя нясмелыя адважыліся на публічны выступ, некаторыя, як выглядала, першы ў іхным жыцьці. Сьв. Мікалай разам з дзецьмі вадзіў карагоды вакол ялінкі і сьпяваў песенькі. А хор дарослых падрыхтаваў і выдатна прадэманстраваў некалькі беларускіх Калядак, найперш “Саўку ды Грышку”.

Весяліліся ад душы дзеці і дарослыя, сьвята працягвалася амаль да самага вечара, а некаторыя адыходзілі ўжо, калі сьцямнела. Відавочна, што разыходзіцца многім не хацелася. Асабліва тым, хто прыходзіць толькі раз у год на “Ялінку”, але і ўсім было цікава пабачыцца, пагаварыць. падзівіцца, як падраслі дзеткі за год, пасталелі, чаму новаму навучыліся. А да новай сустрэчы на “Ялінцы” давядзецца чакаць яшчэ цэлы год. Было троху сумна, але разьвітваліся з надзеяю пабачыцца са сьв. Мікалаем і сябрамі на “Ялінцы” наступнага году.

Трэба дадаць, што ў гэты дзень, перад “Ялінкаю”, у Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў гэтым жа будынку адбылася нядзельная Багаслужба з удзелам Мітрапаліта Сьвятаслава, які ў гэты час наведаў нашу Парафію.

IMG_2421

IMG_2445IMG_2452IMG_2456IMG_2471