270-ыя ўгодкі ад нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі

270-ыя ўгодкі ад нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі адсьвяткавалі ў Нью-Ёрку

28 лютага 2016 года ў грамадзкай залі Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага на Атлантык Авэню 401 у Нью-Ёрку прайшла імпрэза, прысьвечаная 270-м угодкам ад нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі. Рыхтавала сьвята маладзёвая група Бруклінскага аддзелу БАЗА пад рэжысёрскім кіраўніцтвам сяброўкі Управы Аддзелу Натальлі Федарэнкі, з галоўным рэфератам выступіў Зянон Станіслававіч Пазьняк.

Сьвяточную імпрэзу адчыніў Барыс Здольнікаў, які вельмі пранікнёна выконваў ролю Тадэвуша Касьцюшкі. Апрануты ў нацыянальны строй, ён прачытаў адозву Касьцюшкі да ваяраў.

Сп.Пазьняк падрабязна распавёў прысутным пра жыцьцё Тадэвуша Касьцюшкі і прывеў шмат гістарычных фактаў, якія яшчэ раз даказваюць, што Тадэвуш Касьцюшка быў сапраўдным героем, дэмакратам і патрыетам бацькаўшчыны. Андрэй Тадэвуш унёс неімаверны ўклад у гісторыю Беларусі, Польшчы і Амерыкі, нездарма па ўсім сьвеце існуюць вуліцы, станцыі метро і масты названыя ў яго гонар.

Было адзначана, што існуе шмат твораў прысьвечаных Тадэвушу Касьцюшку, што сьведчыць пра тое, што наш народ заўсёды ведаў, паважаў і заховаў памяць пра нашага героя. Як прыклад гэтаму, Сьвятлана Казачок задэклямавала верш сучаснага пісьменьніка Уладзімера Гардзейкі “Ружа Касьцюшкі”, галоўным зьместам якога ёсьць ідэя волі і незалежнасьці Беларусі.

Вольга Талатынік выступіла з відэа радам пра сядзібу Касьцюшкі і закранула дыскусіўнае пытаньне, нажаль, не самага найлепшага стану сядзібы. Прысутныя выказалі самую шчырую зацікаўленасьць наконт будучыньні сядзібы. Было прыемна, што ёсьць глыбокае разуменьне існуючых праблемаў і гатовасьць самім не стаяць у баку.

Імпрэза атрымалася ўражлівая і прысутныя вельмі актыўна абмяркоўвалі, задавалі пытаньні. Прыемна было бачыць, што тэма для іх важная. На завяршэньне ўсім захацелася зрабіць памятнае агульнае фота, каб застаўся добры ўспамін.

Сьвятлана Казачок.