Дзень Волі адсвяткавалі у Нью-Йорку

Дзень Волі адсвяткавалі у Нью-Йорку

Для амерыканскіх беларусаў святкаванне Дня Волі у гэтым годзе было азмрочана навінамі пра брутальныя затрыманні пасля мітынгаў недармаедаў 15-га сакавіка і непасрэдна перад 25-м сакавіка.

З гэтай нагоды Беларуска-амерыканскае згуртаванне «Пагоня» у пятніцу 24-га сакавіка правяло акцыю салідарнасці ў Ню-Ёрку – мітынг насупраць будынку Беларускага кансуляту. Пад бел-чырвона-белымі сцягамі сабралася некалькі дзясяткаў маладых людзей з Ню-Ёрку і наваколльля, а некалькі ўдзельнікаў нават прыляцелі з Фларыды.

25-га сакавіка святкаванне 99-х угодкаў абвешчання незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі адзначалася ва ўсіх беларускіх асяродках у ЗША і ў Канадзе. На святкаванні, ладжаным БАЗ Пагоня, Сяржук Сокалаў-Воюш прадставіў сваю новую песню ‘Годзе! До!’, якую ўдзельнікі святкавання праспявалі разам з ім. У нядзелю, 26-га сакавіка ў Беларускіх цэрквах адбыўся малебен за Незалежнасць Беларусі і за беларускі народ. Пазней адбыўся яшчэ адзін шматлюдны мітынг у Нью-Ёрку на Юніян-cквэр.

Вечарам 26-га сакавіка беларусы і прыхільнікі беларускай незалежнасці сабраліся у бары DROM на вечарыну, арганізаваную праектам Ганны Шарко ‘Дзед Барадзед’ пры падтрымцы БАЗ Пагоня. Гэта той самы бар і той самы праект, дзякуючы якому чатыры месяцы таму адбыўся канцэрт Лявона Вольскага ў Ню-Ёрку.

Аляксей Сапрыкін, госць з Мінску, па-майстэрску трымаў увагу прысутных прэзентацыяй праектаў культурніцкай пляцоўкі Арт Сядзіба і вясёлай каманднай гульнёй па беларускай тэматыцы.

З прывітаннямі выступілі cтаршыня БАЗ Пагоня Віталь Зайка і грамадскі дзеяч Франак Вячорка. Музычная праграма пачалася з дэбюта дуэта Пятра Барцэвіча і Аляксандра Хацкевіча. У выкананні дуэта прагучалі некалькі папулярных твораў з праектаў Лявона Вольскага.

Наступным на сцэне быў непаўторны Пётр Клюеў. Яго дынаміка і эмацыйны спеў падбадзёрылі прысутных і натхнілі на рамантыку і танцы. Вечарына адбывалася ў сяброўскай атмасферы. Валеры Клімовіч узняўся на сцэну і падзяліўся сваімі разважаннямі пра жыццё і свабоду. Ён выканаў пару песняў пад гітару.

У якасці сюрпрыза Пётр Клюеў выканаў вакалам без акампанементу песню на словы Генадзя Бураўкіна ‘Зачарованная’. Здавалася, што кожны спяваў разам з ім. На заканчэнне ўсе прысутныя стоячы праспявалі беларускі марш ‘Мы выйдзем шчыльнымі радамі’. Але і на гэтым святкаванне не скончылася – дадаліся іншыя патрыятычныя песні ў супольным выкананні. На развітанне гучала ўрачыстае Жыве Беларусь!

Наша Ніва