Навіны
Беларусы Нью Ёрку адсьвяткавалі 98-ыя ўгодкі Слуцкага

Беларусы Нью Ёрку адсьвяткавалі 98-ыя ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну

December 3, 2018

2 сьнежня 2018 года беларусы Нью Ёрку адсьвяткавалі 98-ыя ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну. Імпрэза адбылася ў беларускім цэнтры пры саборы сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне і была зарганізавана Бруклінскім аддзелам Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня. Сьвяткаваньне пачалося з малебну ў памяць Слуцкіх герояў. Сьвяточную імпрэзу адчыніў старшыня Бруклінскага аддзелу БАЗА, Сяргей Кудзеліч, які выказаў словы ўдзячнасьці героям-случчакам за іх  сьмелы і самаахвярны подзьвіг  Потым было зачытана віншаваньне Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. У асноўнай частцы імпрэзы быў даклад “Слуцкі Збройны Чын. Як гэта было”, які зачытала сяброўка Бруклінскага аддзелу, Тацьцяна Бурак. Пасьля чаго прысутныя праглядзелі ўрывак з фільма “На чорных лядах”.  На сьвяточную імпрэзу завітаў госьць з Беларусі, беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар, Алесь Смалянчук, які знаходзіўся ў Нью Ёрку дзеля прэзентацыі сваёй кнігі. Спадар Алесь падзяліўся з прысутнымі цікавосткамі са сваіх асабістых дасьледваньняў, якія мелі дачыньне да Слуцкага Збройнага Чыну, а таксама распавеў пра сваю новую кнігу «Раман Скірмунт (1868–1939). Жыцьцяпіс грамадзяніна Краю».  У працяг гэтай мэмарыяльнай і культурна-асьветніцкай імпрэзы адбылася  прэзэнтацыя двух апошніх кніг Зянона Пазьняка, выдадзеных у кастрычніку-лістападзе гэтага года — “Краявід перад нізінай” і “Цяжкі час, т.4”. Абедзьве кнігі з’яўляюцца публіцыстычнымі творамі.  Кніга “Краявід перад нізінай” прысьвечаная асьвятленьню асноўных чыньнікаў разьвіцьця чалавечай цывілізацыі і небясьпечных зьяваў у гэтым працэсе. “Цяжкі час, т.4” складаецца з выбраных артыкулаў і матэрыялаў спадара Зянона, якія даюць праекцыю на падзеі і зьмест 2011-2015 гадоў з пазыцыі нацыянальнага супрацьдзеяньня і змаганьня за Беларусь.