Census 2020
Дарагiя суродзiчы Беларусы, дарагiя сябры! 1 красавіка ў ЗША пачаўся Перапiс нальніцтва (Census 2020). Згодна з Канстытуцыяй, перапіс праводзіцца кожныя 10 гадоў, пачынаючы з 1790 года. Вынікі перапісу выкарыстоўваюцца дзеля вызначэньня колькасьці прадстаўнікоў ад кожнага штата ў Кангрэсе ЗША, межаў выбарчых акругаў і таго, як будуць кожны год размяркоўвацца звыш 675 млрд. даляраў федэральных сродкаў на патрэбы мясцовых супольнасьцяў. Кожны год мільярды даляраў з фэдэральнага бюджэту накіроўваюцца на фінансаваньне бальніц, пажарных частак, школ, дарог ды іншых рэсурсаў з улікам дадзеных перапісу насельніцтва. Удзел у перапісу – Ваш грамадзянскі абавязак. Запаўненьне анкеты перапісу – гэта спосаб прыняць удзел у дэмакратычным працэсе ў ЗША й адчуць сваю значнасьць для краіны. Па перапісу насельніцтва 2010 года колькасьць беларускiх амэрыканцаў была значна недаацэненая. Гэта азначае, што нашая супольнасьць была недастаткова прадстаўленая ў Кангрэсе й ня мела дастатковага доступу да дзяржаўных рэсурсаў цягам апошніх дзесяці гадоў. Зараз самы час падлічыць наш голас. Дзесяць хвілінаў Вашага часу, затрачаных на запаўненьне анкеты перапісу, паўплывае на прадстаўленасьць беларуска-амэрыканскай супольнасьцi падчас вырашэньня важных пытаньняў цягам наступных дзесяці гадоў. Запоўніць анкету можна анлайн. Для гэтага неабходна перайсьці на сайт https://my2020census.gov/ . Калi ласка, адказваючы на пытаньне 9 у анкеце, напiшыце BELARUSIAN. Вашыя адказы абароненыя фэдэральным законам i з’яўляюцца канфідэнцыйнымi. Яны могуць выкарыстоўвацца толькі дзеля фармаваньня статыстыкі і не могуць выкарыстоўвацца супраць Вас дзяржаўнымі або судовымі органамі. Мы разлічваем на Вас! Беларуска-Амэрыканскае Задзiночаньне (БАЗА)