Чацвёртага лютага 2024 году, у нядзелю, прайшоў гадавы справаздачна-выбарчы сход Нью-Ёрскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА). Падзея адбылася ў грамадзкай залі Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага на 401 Атлантык Авэню ў Брукліне.
Сваю чарговую справаздачу на пасадзе старшыні Аддзелу зрабіла сп. Аксана Пятрашка. Яна стала кіраўнічкаю Аддзелу пасьля пераабраньня на лістападаўскім сходзе 2022 году. З выступу старшыні было выразна бачна, што яна сама і ўвесь склад Управы працавалі даволі плённа, было зроблена шмат чаго карыснага і цікавага.
Скарбнік Аддзелу сп. Сяргей Кудзеліч у сваёй кароткай справаздачы распавёў пра фінансавы стан Аддзелу, які выглядае даволі прыстойна. Але некаторыя моманты мусяць быць выпраўлены.
Сябра Управы Аддзела і рэдактар газэты “Беларус” сп. Ганна Сурмач давяла да ведама прысутных інфармацыю пра дзейнасьць Рэдакцыі газэты “Беларус”, у складзе якой бяруць удзел сябры Нью-Ёрскага Аддзелу. Газэта цяпер мае свой сайт у інтэрнэце – Bielarus.info і выходзіць у электронным варыянце. Рэдакцыяй таксама выдавадзены гадавы нумар газэты з найбольш значнымі публікацыямі ў папяровым варыянце. Сп. Сурмач выказала асаблівую падзяку за працу ў Рэдакцыі сябру Аддзелу сп. Міхалу Чаропку, які вядзе сайт газэты. Таксама падзякавала журналісту Алесю Пазьняку, які аператыўна падае інфармацыю ў газэту пра ўсе падзеі беларускага жыцьця ў Амэрыцы. Рэдактар заклікала прысутных браць больш актыўны ўдзел у інфармацыйным забесьпячэньні дзейнасьці беларусаў у Нью-Ёрку, дасылаць у газэту свае інфармацыі, артыкулы, паведамленьні.
Удзельнікі сходу прынялі да ведама справаздачы і падтрымалі станоўчую ацэнку дзейнасьці Управы Аддзелу за мінулы справаздачны год.
Далей адбыліся выбары складу Управы Аддзелу на наступны год. У першую чаргу трэба было абраць старшыню Управы. Сп. Аксана Пятрашка па асабістых абставінах звязаных з вучобаю больш не зможа ў поўнай меры прысвячаць сябе працы на пасадзе старшыні аддзела. Яна прапанавала абраць старшынём вельмі актыўнага сябра Аддзела сп. Міхала Чаропку. Ён пагадзіўся. У выніку патаемнага галасаваньня сп. Міхал Чаропка быў абрана старшынёю Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА.
Прысутныя да сходзе падтрымалі прапанаваны новаабраным старшынёй сьпіс сяброў у новы склад Управы аддзелу, які ў выніку галасаваньня быў зацьверджаны.
У склад Управы аддзела ўвайшлі:
Аксана Пятрашка
Шыкаловіч Надзея
Сяргей Кудзеліч
Красоўская Тацьцяна
Андрусь Дундукоў
Ганна Сурмач
Наста Харкевіч
Таксама быў абраны новы склад Рэвізійнай камісіі:
Дар’я Фомчанка – старшыня
Юрый Козінцаў – сябра
Андрэй Малецкі – сябра
На завяршэньне сходу слова ўзяў сп. Міхась Чаропка. Ён падзякаваў ўсім, прывітаў новых сяброў Управы і запрасіў іх да актыўнай працы.