Ад імя Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня віншую вас са 106-ым Днём Волі!
За гэтыя 106 гадоў беларускі народ вытрываў шмат выпрабаваньняў, але здарылася галоўнае, аб чым марылі многія пакаленьні беларусаў – наш народ у 1991 годзе здабыў сваю незалежнасьць на роднай зямлі захаваўшы родную мову.
Сёньня для беларусаў, якія нарадзіліся і вырасьлі ў незалежнай Беларусі цяжка нават уявіць, што ў часы Першай сусьветнай вайны тэрыторыя Беларусі была падзеленая паміж Саветамі і Германіяй, які не хацелі лічыцца з памкненьнямі беларускага народа да незалежнасьці.
Але з гістарычнае перспектывы мы бачым, што абвешчаньне нацыянальнымі лідарамі Беларускай Народнай Рэспублікі сталася моцным і непахісным падмуркам стварэньня незалежнай Рэспублікі Беларусь. Айцы-заснавальнікі БНР ад імя беларускага народа абвесьціла на ўвесь сьвет, што наш народ мае палітычную волю і хоча мець сваю дзяржаву на сваёй зямлі са сваёй роднай мовай і будзе яе бараніць. Пасля эміграцыі Рады БНР ідэя незалежнай Беларускай дзяржавы жыла больш за 70 год у выгнаньні і падпольлі, але ніколі не была кінутая ці занядбаная, і ў рэшце рэшт хутка прарасла, калі з’явіліся спрыяльныя ўмовы ў 80-ых гадах прошлага стагодзьдзя.
Але ж як мы ўсе ведаем Рада БНР не склала сваіх паўнамоцтваў і працягвае працу ў выгнаньні, бо яна не выканала адну з галоўных мэт сваёй дзейнасьці – перадачы мандатаў БНР новаму дэмакратычнаму ўраду Беларусі.
І сёньня Дзень Волі застаецца найвялікшым сьвятам нашага народа на шляху здабыцьця его незалежнасьці, напамінам аб нашых ідэалах, а галоўнаю мэтаю на гэтым шляху ёсьць тое, каб гэты Дзень Волі перастаў быць толькі сьвятам, а стаў звычайным днём кожнага беларуса.
Жадаю ўсім вам зрастаць у сваёй асабістай беларускасьці, дапамагаць адзін аднаму і крочыць разам да Вольнай Беларусі!
Жыве Беларусь!
Натальля Фэдарэнка
Старшыня Галоўнай управы
Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня