Беларуска-амэрыканскія грамацкія арганізацыі падтрымалі зварот да Кангрэса ЗША з заклікам прыняць папраўкі да закону аб абаронным бюджэце ЗША. Мэта паправак: узмацненьне дапамогі Ўкраіне ў вайне супраць агрэсіі Расеі.
Зварот падтрымлівае чатыры накірункі дапамогі Ўкраіне:
1) Палепшыць правілы перадачы зброі й вайсковых прыстасаваньняў Украіне;
2) Надаць права Гэнеральнаму пракурору ЗША перадаваць арыштаваную каштоўную маёмасьць Расеі ў ЗША на карысьць Украіны ў адпаведнасьці з законамі;
3) Узмацніць нормы праверкі замежных кліентаў амэрыканскай фінансавай сістэмы, каб абмежаваць уплыў расейскіх алігархаў і спыніць карупцыйныя схемы;
4) Увесьці візавыя санкцыі супраць асобаў, якія ўдзельнічаюць у карупцыі і спрабуюць даваць хабар амэрыканскім чыноўнікам.
Закон аб абаронным бюджэце ЗША традыцыйна выходзіць на галасаваньне напрыканцы году. У яго звычайна дадаюць папраўкі, якія тычацца нацыянальнай бясьпекі й зьнешняй палітыкі. У 2020-ым годзе гэтакім чынам быў прыняты чарговы закон аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі. Гэтым разам адмысловых санкцыйных правілаў для Беларусі няма, але выканаўчая ўлада ЗША ўжо мае досыць шырокія паўнамоцтвы ўводзіць санкцыі супраць дыктатарскага рэжыму.
Зварот ініцыявалі ўкраінска-амэрыканскія грамацкія арганізацыі “Разом”, “Украінская нацыянальная ліга жанчын Амерыкі” ды “Украінскі кангрэсавы камітэт Амерыкі”. Яго падтрымалі 22 іншыя арганізацыі баснійскай, балтыйскіх, грузінскай ды сірыйскай дыяспар. Ад беларускага грамацтва пад зваротам падпісаліся “Асацыяцыя беларусаў у Амерыцы”, “Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне” (БАЗА), “Беларускі форум свабоды” ды “Кааліцыя за вольную Беларусь”.
Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (БАЗА)
Association of Belarusians in America
Iнiцыятар зварота