Віншаваньне спадару  Алесю Бяляцкаму

Фота з сайту https://spring96.org

Шаноўны сп. Алесь!

Вельмі ўсьцешаныя добрай навіною з Осла. Нададзеная Вам Нобелеўскім камітэтам Прэмія міру – заслужаная ўзнагарода Вам за шматгадовую ахвярную працу па абароне правоў чалавека. Шматпакутны беларускі народ патрабуе такой абароны ад дыктатарскага рэжыму, які апанаваў нашу Бацькаўшчыну, які зьневажае нашых людзей, утоптвае ў гразь іхнае права людзьмі звацца, дараванае Богам кожнаму народжанаму на Зямлі чалавеку. Мы дзякуем Вам за Вашае служэньне свайму народу.

Сумна і горка, што рэжым трымае за кратамі Вас, аднаго з лепшых сыноў Беларусі. Мы тут у Амэрыцы памятаем пра пакуты нашага народу і робім ўсё магчымае для змаганьня з вар’яцкай уладаю, для вызваленьня палітзьняволеных у Беларусі.

Сёлетняя Нобілеўская прэмія – гэта высокая ўзнагарода для ўсяго беларускага народа, які  мужна выйшаў на пратэсты ў 2020 годзе і працягвае сваё змаганьне да сёнья дзеля вызваленьня ад лукашэнкаўскага рэжыму, за пабудову дэмакратычнай і вольнай Беларускай дзяржавы.  Гэтая прэмія – знак павагі і ўшанаванья таксама для ўсіх палітзьняволеных у Беларусі, якія сёньня разам з Вамі пакутуюць у турмах.

Віншуем Вас з высокай узнагародай! 

Жадаем Вам і ўсім беларускім палітзьняволеным духовай моцы, мужнасьці, надзеі і веры ў нашу перамогу,  ў сьветлы дзень вашага вызваленьня.

Верым! Можам! Пераможам!

Жыве Беларусь!!!

Галоўная управа Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня

Нью-Ёрк

8 кастрычніка 2022

Фота з сайту: https://spring96.org