Шаноўныя сябры!
Запрашаем вас сустрэцца разам 5 лютага ў грамадзкай залі Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага у Брукліне. У гэты дзень мы будзем мець магчымасьць удзельнічаць у зьмястоўнай імпрэзе, якая будзе складацца з дзвюх частак.
Напачатку, пасьля багаслужбы ў царкве, у 11:30 адбудзецца прэзэнтацыя кігі ўспамінаў сп. Анатоля Занковіча. Сп. Занковіч належыць да той плеяды “зуброў” беларускай эміграцыі, да якой належалі шаноўныя Вітаўт Кіпель і Янка Запруднік, якіх мы страцілі ў мінулым годзе. Гэтае пакаленьне паваеннай беларускай эміграцыі арганізавала паўнавартаснае беларускае жыцьцё на чужыне і замацавала беларускую прысутнасьць у Амэрыцы.
На жаль, становіцца ўсё менш тых, хто можа распавесьці новаму пакаленьню эмігранатаў пра свой шлях, пра свой вопыт захаваньня беларускасьці ў жорсткіх умовах эміграцыі. Але, пакуль мы яшчэ можам пабачыць і пачуць сьведкаў тых гістарычных падзеяў, праз якія прайшоў наш народ на Бацькаўшчыне і на выгнаньні. Запрашаем вас скарыстаць гэтую магчымасьць непасрэдна пазнаёміцца са сп. Занковічам, а таксама і набыць кнігу для чытаньня, якая можа вас захапіць падзеямі незвычайнага лёсу аўтара.
У другой частцы імпрэзы мы ўшануем знамянальную юбілейную дату – 160 гадоў ад пачатку паўстаньня Кастуся Каліноўскага. На падыходзе да нашага будынку вы можаце пабачыць бюсты нашых нацыянальных герояў – Тадэвуша Касьцюшкі і Кастуся Каліноўскага. Каліноўскі ў 1863 годзе працягнуў змагарную справу свайго папярэдніка Касьцюшкі. Абодва героі змагаліся за незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны і за годнае вольнае жыцьцё нашага народа. Мы ганарымся і нахтняемся подзьвігамі нашых продкаў, перадаем памяць аб іх учынках наступным пакаленьям і запрашаем вас ў гэты юбілейны час далучыцца да сьвяточных урачыстасьцяў.
Галоўная Управа
Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня