У грамадзкай залі на Атлантык Авэню 401 у апошні вечар 2015 году сабралася гаманкая беларуская грамада, каб сустрэць разам Новы – 2016 год . Сярод прысутных пераважала моладзь. Дзяўчаты і хлопцы не толькі танчылі і весяліліся, але і шмат папрацавалі, каб падрыхтаваць сьвяточны стол, упрыгожыць залю, падрыхтаваць забаўляльную праграму. Старэйшыя ўзялі на сябе больш арганізацыйную ролю. Забаўляльную праграму вяла Сьвятлана Казачок. Тацьцяна Красоўская і спадарства Алы і Уладзіміра Караткевічаў асабліва шмат спрычыніліся да таго, каб зрабіць усе патрэбныя закупы, скласьці меню і арганізаваць усе кухарскія справы, каб сьвяточная вячэра была прывабнаю і смачнаю. Бруклінскі аддзел БАЗА добра арганізаваў рэкляму і запросіны, так што кожны жадаючы мог узяць удзел у балі.
Як і ў мінулым годзе, Сьвята ўпрыгожылі сваёй прысутнасьцю беларускія музыкі з Саўт-Рывэру Тацьцяна і Валянцін Дзямешчыкі . Яны змаглі задаволіць усе музычныя густы – ад рамантычных мелёдый да полькі-трасухі. Баль працягваўся да самай раніцы.