У нядзелю 20 сьнежня 2016 года ў Беларускім цэнтры на Атлантык Авэню 401 адбылася імпрэза, прысьвечаная 85-м угодкам ад нараджэньня Уладзіміра Караткевіча. Рыхтавала сьвята моладзевая група Бруклінскага аддзелу БАЗА. Зьмястоўны рэфэрат пра творчасьць пісьменьніка прачытала Алена Пракоп. Чытаньне дапаўнялася мастацкай праграмаю – дзяўчаты і хлопцы ў нацыянальных строях дэклямавалі вершы Караткевіча. Выканаўцамі былі Зьміцер Кавалёў, Юля Цыбулька, Максім Кучынскі , Сьвятлана Казачок, Алег Кавалёнак і Натальля Федарэнка – галоўны рэжысёр праграмы, сяброўка управы Аддзелу. У другой частцы імпрэзы прайшла віктарына па творчасьці пісьменьніка. Прысутныя падзяліліся на дзьве каманды і вядучая Натальля Федарэнка агучвала пытаньні, а каманды супернічалі між сабою, хто хутчэй і дакладней дасьць адказы. Каманду – пераможцу віталі бурнымі воплескамі. Прысутныя выразна прадэманстравалі добрае веданьне творчасьці знакамітага пісьменьніка.
Карыстаючыся нагодаю, Ганна Сурмач нагадала ўдзельнікам імпрэзы , што ў гэтыя дні – 22 сьнежня, спаўняецца 70 гадоў ад пачатку дзейнасьці ў Нямеччыне Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, якую заклалі паваенныя беларускія эмігранты ў лягеры ДП, дзе жылі пасьля ад’езду з Бацькаўшчыны. Сп. Ганна коратка распавяла пра сытуацыю, у якой апынуліся беларускія ўцекачы і пра іх імкненьне ў неспрыяльных абставінах клапаціцца пра нацыянальную адукацыю дзяцей і моладзі. Назвала таксама імёны тых сяброў, якія сёньня належаць да БАЗА і вучыліся некалі у Гімназіі імя Янкі Купалы – Анатоль Занковіч, Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель, Ала Орса Рамана, Юля Андрусышын. Згадвалася і пра тое, што пра гісторыю Гімназіі напісаная кніга беларускім дасьледычкам з Беластоку Янам Максімюком.