1-2 верасьня ў беларускім цэнтры ў Нью Ёрку адбылася 33-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі, якая была зарганізавана Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем (БАЗА). Сустрэча сабрала беларусаў з розных куткоў ЗША, як то Нью Ёрк, Нью Джэрсі, Філадэльфія, Маямі, Бостан; таксама былі госьці з Таронта, Канада.
Гэтая Сустрэча была прымеркавана стагоддзю БНР, і прайшла пад тэмай “Рада БНР і беларуская эміграцыя ў Паўночнай Амэрыцы – гісторыя, сучаснасьць і перспектывы” . Ганаровымі гасьцямі сустрэчы былі Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР, і іншыя сябры Рады БНР, якія распавядалі пра дзейнасьць Рады.
Сярод ганаровых гасьцей былі і госьці з Беларусі: Глеб Лабадзенка, журналіст, тэлевядоўца, грамадскі дзеяч; і Натальля Гардзіенка, гісторык, кандыдат гістарычных навук, дасьледчык беларускай эміграцыі.
У першы дзень, на адкрыцьці Сустрэчы, госьці праслухалі прывітаньні ад кіраўнікоў арганізацый-удзельнікаў Сустрэчы. З прывітальным словам выступіла старшыня Галоўнай управы БАЗА Натальля Федарэнка. Старшыня Згуртаваньня Беларусаў Канады (ЗБК) Алена Лявончанка не змагла прысутнічаць асабіста, але даслала відэа-прывітаньне ўдзельнікам Сустрэчы.
У першы дзень з прамовай выступаў Глеб Лабадзенка, які распавеў пра грамадска-культурную сітуацыю ў Беларусі, распавёў пра свой шлях да беларушчыны, а таксама падзяліўся ідэямі, як кожны беларус, нават той, хто жыве за мяжой, можа прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцьці Бацькаўшчыны.
Першы дзень Сустрэчы быў завершаны канцэртам ад сямейнага гурта Валянціны Пархоменка-Казак, Алеся Казака і Вольгі Казак-Анлар. Валянціна разам з мужам Алесем і дачкой Вольгай расчулілі ўсіх прысутных сваім шчырым выкананьнем беларускіх гітоў, народных песень, і твораў свайго аўтарства.
Другі дзень Сустрэчы пачаўся з багаслужбы ў саборы Сьв. Кірылы Тураўскага Беларускай Аўтакефальнай Царквы ў Нью Ёрку і малебну за Беларусь. Афіцыйную частку праграмы другога дню адчынілі актывісты Бруклінскага аддзелу БАЗА, якія паказалі пастаноўку “Як гэта было” пра падзеі Першага Ўсебеларускага З’езду 1918 года (па матывах твору Алеся Пашкевіча “Пляц волі”). У ролях Алеся Гаруна і Алеся Бусла выступілі браты Сяргей і Уладзімір Кудзелічы.
Асноўнай часткай другога дню Сустрэчы было пленарнае паседжаньне, на якім выступалі ганаровыя госьці з прамовамі і дакладамі. Сп-ня Івонка Сурвіла распавяла пра свой шлях да БНР і разам з БНР, а таксама распавяла пра дзейнасьць Рады ў Канадзе. Сп-ня Натальля Гардзіенка выступіла з прэзентацыяй пра дзейнасьць прадстаўнікоў Рады БНР у ЗША. Сп. Зянон Пазьняк выступіў з рэфератам пра ролю БНР у гісторыі Беларусі. Пасьля выступаў адбылася дыскусія па тэме і была прынятая Рэзалюцыя Сустрэчы.
Акрамя абмеркаваньня асноўнай тэмы сустрэчы беларусы актыўна знаёміліся, абмяркоўвалі пытаньні штодзённага жыцьця і культуры як у замежжы, так і на Бацькаўшчыне.
Сьвяточная праграма была завершаная канцэртам Тацьцяны Грыневіч-Матафонавай, якая падарыла прысутным улюбённыя беларускія песьні і рамансы ў сваім выкананьні, а таксама прэзентавала новую кружэлку, прысьвечаную беларускім народным танцам.
Выказваем падзяку ўсім гасьцям, хто далучыўся да Сустрэч! Асаблівая падзяка нашым ганаровым гасьцям: сп-ні Ivonka Survilla, старшыні Рады БНР; Natalla Hardziyenka, гісторыку дасьледчыку беларускай эміграцыі; Gleb Labadzenka, журналісту, паэту, грамадскаму дзеячу; сьпеўнаму гурту Валянціны Пархоменка-Казак; сьпявачке Тацьцяне Грыневіч .
Да таго ж удзячны усім сябрам, хто спрычыніўся да арганізацыі і правядзеньня Сустрэчы: Ганьне Сурмач, Тацьцяне Красоўскай, Тацьцяне Бурак, Sergei Kudelich, Vladimir Kudelich, Ганьне Шыдловай, Вальжыне Лойка, Emily Borkovskaya, Evgeny Papkov, Aliaksandr Khomchanka, Vadzim Vasilyeu.
Дзякуючы ўсім вам, сябры, Сьвята было незабыўным!
Да таго ж удзячны усім сябрам, хто спрычыніўся да арганізацыі і правядзеньня Сустрэчы: Ганьне Сурмач, Тацьцяне Красоўскай, Тацьцяне Бурак, Sergei Kudelich, Vladimir Kudelich, Ганьне Шыдловай, Вальжыне Лойка, Emily Borkovskaya, Evgeny Papkov, Aliaksandr Khomchanka, Vadzim Vasilyeu.
Дзякуючы ўсім вам, сябры, Сьвята было незабыўным!