Сьвяткаваньне 101-угодкаў абвешчаньня БНР у Нью Ёрку

24 сакавіка 2019 года ў грамадзкай залі сабору Сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью Ёрку адбылася сьвяточная імпрэза, прымеркаваная да 101-угодкаў абвешчаньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Мерапрыемства ладзілася Нью Ёрскім аддзелам Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня пры падтрымцы Галоўнай управы БАЗА і Парафіяльнай рады сабору Сьв. Кірылы Тураўскага.

Раніцаю ў 10:00 у царкве прайшла Літургія і быў адслужаны малебен за Беларусь.
Апоўдні пачалася сьвяточная імпрэза, якую адчыніла віншавальнай прамовай старшыня Галоўнай управы БАЗА Натальля Федарэнка. 
Спадарыня Натальля падзякавала ўсім прысутным, хто далучыліся да сьвяткаваньня з розных гарадоў Нью Ёрку і ваколіцаў.

Галіна Пазьняк зачытала віншаваньне ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. Са сьвяточнай прамовай выступіў Зянон Пазьняк, у якой падкрэсліў, што абвешчаньне БНР было вынікам вялікага беларускага нацыянальнага ўздыму.

З урачыстай прамовай выступіў старшыня Парафіяльнай Рады сабору Сьв. Кірылы Тураўскага – Расьціслаў Гарошка. Спадар Расьціслаў зрабіў экскурс у гісторыю пабудовы беларускай аўтакефальнай царквы ў Амэрыцы і распавёў аб важнасьці яе захаваньня.

Ганна Сурмач, былая шматгадовая старшыня Галоўнай управы БАЗА, сябра прэзыдыюму Рады БНР, распавяла аб працы Рады БНР і заклікала прысутных падтрымаць ахвяраваньнямі Раду, якая ня мае аніякай іншай падтрымкі акрамя той, што ідзе ад беларусаў.

Апрыканцы афіцыйнай часткі выступіў Валеры Мінец, які павіншаваў усіх са сьвятам і пажадаў еднасьці і згоды беларусам на Бацькаўшчыне, у Амэрыцы і па ўсім сьвеце.

Асабісты ўдзел у сьвяткаваньні прынялі госьці з Беларусі – Юры Беленькі, беларускі палітык, намесьнік старшыні КХП-БНФ; і Мікіта Найдзёнаў, музыкант, паэт, лідар гурта “HURMA”.

Спадар Юры выступіў з натхняльнай прамовай аб тым, што кожны можа і павінен ,у першую чаргу, сабе зрабіць асабісты ўнёсак у пабудову лепшай будучыні беларускага народа.

Мікіта Найдзёнаў пазнаёміў прысутных са сваёй творчасьцю, распавёў пра новы праект “Сам Шазам”. Госьці былі прыемна ўражаныя талентам і творчасьцю спадара Мікіты.

 

Фотаздымкі Віктара Дударава, Вадзіма Васільева і Натальлі Федарэнка

Відэа Віктара Дударава

Тэкст Натальлі Федарэнка

Зянон Пазьняк. Прамова на сьвяткаваньні 101-й гадавіны стварэньня БНР.