У нядзелю 1 лістапада беларуская грамада ў Нью Ёрку адзначыла Дзень памяці продкаў – нашы традыцыйныя Дзяды. У Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага пасьля нядзельнай літургіі была адслужана паніхіда ў памяць памерлых – тых, хто аддаў свае жыцьці ў змаганьні за беларускую справу, хто загінуў у войнах, хто трапіў у жорны сталінскіх рэпрэсіяў, хто заўчасна адыйшоў з-за наступстваў Чарнобылю, каго загубіў сёньняшні рэжым, хто апынуўся ў выгнаньні і памёр на чужыне. Кожны з прысутных таксама згадваў пра свае страты блізкіх, сяброў і паплечнікаў і маліўся за супакой іх душаў.
Далей дзея працягнулася ў грамадзкай залі, дзе была наладжана сумесная бяседа за сталом. Дзяліліся ўспамінамі, згадвалі, як адзначалі Дзяды на Бацькаўшчыне. Алена Рыдзеўская распавяла пра гістарычныя карані адзначэньня Дня памяці продкаў. Ганна Сурмач згадала пра тое, што пяць гадоў таму ў такія ж сумныя лістападаўскія дні страціла маці, а перад гэтым і адзінага брата, і толькі тады зразумела, што сапраўднае разьвітаньне з Радзімаю адбываецца , калі страчваеш там родных. Дзіяна Маракова, дачка Леаніда Маракова і радня рэпрэсаванага пісьменьніка Валеры Маракова, згадала, як было цяжка ёй слухаць ад настаўнікаў у школе пра тое, што Сталін быў вялікім дзеячам. Яе бацька шмат гадоў займаўся дасьледаваньнем лёсаў рэпрэсаваных беларусаў. Алена Рыдзеўская паведаміла, што менавіта з кнігі Маракова яе сямья даведалася пра лёс іхных блізкіх, што былі зьнішчаны пад час рэпрэсіяў. Госьця з Польшчы, журналістка Эўрарадыё , Анастасія Ільіна згадала, як адзначаліся Дзяды ў Берасьці, адкуль яна родам. Ала Караткевіч нагадала, што беларусы ў Нью-Ёрку павінны памятаць у такі дзень і пра тых нашых папярэднікаў, хто сарганізавалі беларускае жыцьцё, набылі маёмасьць і стварылі ўмовы для наша пакаленьня эміграцыі, цяпер наша задача захаваць усё гэта.
У гэты сумны дзень разыходзіліся, аб’яднаныя успамінамі пра тых, каго няма з намі, і тым , што разам адзначылі Дзяды і ўшанавалі памяць нашых продкаў.