9 жніўня ўноч беларускі сьвет ускалыхнуўся.
Дыктатарская ўлада чарговы раз паказала свой сапраўдны твар і пачала разлютавана рваць цела беларускага народа, які не стаў больш цярпець глум над яго воляй.
Наступныя дні беларусы па ўсёй зямлі адчувалі гэты бясконцы боль: боль катаваных памножаны на тысячы ахвяраў і годы прыніжэньняў.
Сёньня беларусы па ўсім сьвеце пачалі дыхаць аднагучна.
Беларуская нацыя канчаткова адрадзілася ад гнёту і літаргічнага сну.Ужо больш ніколі мы не зможам заплюшчыць вочы на зьдзекі над сабой, парушэньні нашых правоў і нашай волі.
Наступіў новы гістарычны паварот у жыцьці беларускага народа: час сумленна абіраць новы шлях ды ісьці да нашай лепшай долі.
Мы, беларусы Амэрыкі, падтрымліваем наш народ на Бацькаўшчыне ў імкненьні да дэмакратыі і незалежнасьці.
Сёньня мы каля будынку ААН, каб увесь цывілізаваны сьвет таксама не мог заплюшчыць вочы на тое беззаконьне і катаваньні, якія адбываюцца ў Беларусі, і падтрымаў на міжнародным узроўні волю беларускага народа.
Мы, беларусы Амэрыкі, не прызнаем выбары прэзідэнта-2020 у сувязі са шматлікімі фальсіфікацыямі.
Мы патрабуем вызваленьня ўсіх палітвязьняў.
Лічым неабходным правесьці новыя выбары без удзелу Лукашэнкі пад кантролем міжнародных наглядальнікаў і з новай выбарчай камісіяй.
А таксама зьвяртаемся да міжнароднай супольнасьці, каб не дапусьціць вайсковага умяшальніцтва Расеі і акупацыі Беларусі.
Сёньня ўся будучыня ў руках беларусаў на Бацькаўшчыне.
Сапраўднае змаганьне толькі пачынаецца.
Зараз трэба спраўдзіць сваю волю і пачаць паўнавартасна кіраваць сваёй краінай.
Беларусы трымайцеся! Мы разам з вамі!
Верым! Можам! Пераможам!