На Мангэттане прайшла акцыя салідарнасьці з народам Украіны

Сёньня ў Нью-Ёрку на Мангэттане адбылася акцыя пратэсту супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. Мітынг сабраў больш за тысячу чалавек пад украінскімі, беларускімі, грузінскімі, літоўскімі, эстонскімі, латвійскімі і іншымі сьцягамі. Мерапрыемства пачалося перад расейскім кансулятам, а потым перамясьцілася да будынку ААН. Удзельнікі выказалі абурэньне і з нагоды акупацыі тэрыторыі Беларусі расейскімі войскамі, выкарыстаньнем яе тэрыторыі дзеля атакаў на Украіну, а таксама нязгоду з магчымым выкарыстаньнем беларускіх жаўнераў у гэтай злачыннай вайне.

Пратэстоўцы выступілі супраць расейскай прысутнасьці, якая трывае ў Беларусі ўжо некалькі стагоддзяў і ў сёньняшнія часы працягваецца ў выглядзе прамаскоўскага рэжыма Лукашэнкі. Зараз змаганьне беларускага народа стала асабліва цяжкім, бо акрамя дыктатарскага рэжыма актывізаваўся галоўны вораг – імпэрская Расея, якая акупавала тэрыторыю Беларусі расейскімі войскамі.  Дзесяткі беларусаў забіты ці зніклі бяз звестак, сотні – звольнены з працы ці выгнаныя з месцаў вучобы, тысячы беларусаў зараз сядзяць у турмах з тэрмінамі да 18 гадоў за свой удзел у барацьбе з прамаскоўскай дыктатурай. Дзесяткі тысяч беларусаў знаходзяцца ў палітычнай эміграцыі з-за палітыкі самазванцаў, якія захапілі і сілай утрымліваюць уладу ў Беларусі. І нават ня гледзячы на моцныя рэпрэсіі і злачынствы дыктатарскага рэжыма супраць беларускага народа, беларусы працягваюць барацьбу. І сёньня беларусы замежжа сабраліся разам з украінцамі, грузінамі, літоўцамі, эстонцамі і латвійцамі, каб  выказаць салідарнасць з украінскім народам, які бароніць сваю зямлю ад нападаў расейскай арміі, а таксама выказаць салідарнасьць з беларусамі, якія  ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій супрацьстаяць прамаскоўскаму рэжыму Лукашэнкі.

Увесь сьвет павінен ведаць, што прамаскоўскі дыктатар Лукашэнка ня ёсць прадстаўніком беларусаў і іх інтарэсаў. Беларусы масава асуджаюць злачынныя дзеяньні нелегітымнага дыктатара, які сілай утрымлівае ўладу ў краіне і падтрымлівае вайсковую агрэсію Расеі.  Беларускі народ падтрымлівае ўкраінцаў і змагаецца са свайго боку ўсімі магчымымі сродкамі ва ўмовах унутранай акупацыі. 

У мітынгу таксама прынялі ўдзел сябры БАЗА. Падчас мерапрымства яны звярнуліся да сабраўшыхся з наступнай заявай:

ЗВАРОТ:

Беларусы, сябры, браты,

Тры дні таму крамлёўская хеўра напала на Украіну. Наша Беларусь была выкарыстана як плацдарм для нападу. Ёсьць вялікая верагоднасьць таго, што акупанты захочуць скарыстаць беларускіх вайскоўцаў дзеля атакаў на Ўкраіну. Папярэджваем вас, што супраца з акупантамі ўжо ёсць злачынствам, якое стане яшчэ большым, калі беларускія жаўнеры будуць ваяваць на баку агрэсара.

Мы звяртаемся да грамадзян Беларусі з просьбай аб актыўным супратыве агрэсару. 

Мы таксама звяртаемся да беларускіх вайскоўцаў словамі беларускага нацыянальнага лідара Зянона Пазьняка:

  • Беларускія салдаты, не выконвайце злачынныя загады. Нявыкананьне загаду ня ёсць здрадай, а дасканалым выкананьнем свайго доўга.
  • Беларусы, нельга нападаць на Украіну – самы брацкі беларусам народ.
  • Не страляйце ва ўкраінцаў, не страляйце ў бок Украіны.
  • Паварочвайце зброю супраць расейскіх акупантаў у Беларусі, знішчайце іх усімі спосабамі і відамі зброі.
  • Пры немагчымасці разьвярнуць зброю супраць акупантаў, пераходзьце цэлымі аддзеламі на бок украінцаў.

Жыве Беларусь! Слава Украіне!

Беларуска-Амерыканскае Задзіночаньне

БАЗА Нью-Ёрк