Шаноўныя сябры!
Запрашаем Вас прыняць удзел ва ўрачыстай імпрэзе, якая прымеркавана да адзначэньня Дня Волі і да адкрыцьця бюстаў Нацыянальнага Героя Беларусі, ЗША і Польшчы – Андрэя Тадэвуша Банавэнтуры Касьцюшкі і Нацыянальнага Героя Беларусі – Кастуся (Вінцэнта, Канстанціна) Каліноўскага каля беларускага сабору ў Брукліне. Імпрэза адбудзецца 27 сакавіка 2022 года ў 12:00 апоўдні ў саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне па адрасе 401 Атлантык Авеню, Бруклін, Нью Ёрк 11217.
Праект устаноўкі бюстаў быў рэалізаваны дзеля падтрымкі змаганьня беларускага народу супроць антынароднага тэрарыстычнага прамаскоўскага рэжыму ў Беларусі.
Народжаны на тэрыторыі сучаснай Беларусі Андрэй Тадэвуш Банавэнтура Касьцюшка браў актыўны ўдзел у вайне за незалежнасьць ЗША (1775-1783 гады). Па вяртаньні на Радзіму ўзначаліў вызвольнае паўстаньне народаў Рэчы Паспалітай супраць акупацыі іх родных зямель імпэрскай Расеяй (1794 год). Кастусь Каліноўскі працягнуў справу Касьцюшкі і ўзначаліў вызвольнае паўстаньне супраць імпэрскай Расеі 1863-1864 гадоў.
Героі змагаліся за незалежнасьць Беларусі, Амэрыкі, а таксама Польшчы і Летувы, зь якімі Беларусь мела супольную гісторыю. Іх асобы і сёньня аб’ядноўваюць народы гэтых краінаў у супроцьстаяньні прамаскоўскаму рэжыму Лукашэнкі і агрэсіўнай палітыцы Расеі.
Раніцаю, перад пачаткам імпрэзы ў 10:00 у царкве адбудзецца Літургія і будзе адслужаны малебен за Беларусь.
Асабісты ўдзел у імпрэзе прымуць скульптар бюстаў Герояў Генік Лойка, каардынатар праекта Аляксандр Хомчанка і музычны госьць Сяржук Доўгушаў.
Дзякуй усім, хто падтрымліваў праект і асабіста спрычыніўся!
Прыходзьце, каб разам адзначыць Дзень Волі і ўшанаваць герояў, якія змагаліся за Волю Бацькаўшчыны і якія сёньня вядуць змаганьне з дыктатарскім прамаскоўскім рэжымам на Беларусі і з расейскім акупантам ва Ўкраіне.
Падчас імпрэзы будзе Дабрачынны абед. Мінімальны ўнёсак – 20 даляраў. Сабраныя кошты пойдуць на падтрымку беларускіх дабраахвотнікаў, якія бароняць Украіну.
Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне,
Парафіяльная рада Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага
Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы