Адкрыцьцё бюстаў Тадэвуша Касьцюшкі і Кастуся Каліноўскага

Шаноўнае спадарства!

26 сакавіка 2022 года каля сабору Сьв. Кірыды Тураўскага ў Брукліне (Нью Ёрк, ЗША) адбылося ўрачыстае адкрыцьцё бюстаў Нацыянальнага Героя Беларусі, ЗША і Польшчы – Андрэя Тадэвуша Банавэнтуры Касьцюшкі і Нацыянальнага Героя Беларусі – Кастуся (Вінцэнта, Канстанціна) Каліноўскага. Ганаровы Нацыянальны праект па ўсталяваньні бюстаў герояў Беларусі быў рэалізаваны дзеля падтрымкі змаганьня беларускага народу супроць антынароднага тэрарыстычнага прамаскоўскага рэжыму ў Беларусі. Героі змагаліся за незалежнасьць Беларусі, Амэрыкі, а таксама Польшчы і Летувы, зь якімі Беларусь мела супольную гісторыю. Іх асобы і сёньня аб’ядноўваюць народы гэтых краінаў у супроцьстаяньні прамаскоўскаму рэжыму Лукашэнкі і агрэсіўнай палітыцы Расеі. Урачыстасьць пачалася з выступу Зянона Пазьняка, дэпутата незалежнасьці, кіраўніка КХП БНФ, каардынатара Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту і непахіснага патрыёта Беларусі. Адпачатку сваёй прамовы, спадар Зянон аб’явіў хвіліну маўчаньня, каб ушанаваць герояў, якія сёньня паміраюць у змагманьні з маскоўскімі акупантамі. Завершыў сваю прамову сп. Пазьняк словамі:” Дык няхай жа сьветлая памяць пра нашых герояў уздымае наш дух і вядзе нас да перамогі над расейскімі ворагамі чалавецтва, каб вечна была вольная Беларусь і вольная Украіна. Жыве Беларусь! Слава Украіне!”

Потым прамаўляў Аляксандар Хомчанка, стараста сабора Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне, арганізатар і каардынатар праекта.

Пасьля пад сьпеў Духоўнага гімну “Магутны Божа” (ў запісе царкоўнага хору Сабора з 1957 года у час адчыненьня Беларускай Царквы) павольна былі ўзьняты і спушчаныя белыя пакрывалы з помнікаў героям. Тады епіскапам-уладыкам Сьвятаславам пра асісьце духавенства адбылося асвячэньне усталяваных бюстаў.

Імпрэза працягвалася ў грамадзкай залі Сабора. Выступалі госьці-амэрыканцы, украінцы, палякі, летувісы, прамаўлялі дзеячы беларускіх арганізацый з Канады, з Чыкага, з Фларыды, Каліфорніі, Мінесоты, Філадэльфіі і іншых мясьцінаў. Выступіў аўтар бюстаў скульптар Гэнік Лойка.

Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне і Парафіяльная радя Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы дзякуюць ўсім, хто верыў у гэты праект, усяляк падтрымліваў яго, ахвяраваў сродкі і спрычыніўся да ажыцьцяўленьня!

Выказваем падзяку Зянону Пазьняку – натхняльніку і ініцыятару праета. Выказваем асаблівую падзяку Аляксандру Хомчанку, арганізатару і каардынатару праекта, які быў сапраўдным цягніком праекта і яго жонцы Людміле, без чыей дапамогі ажыцьцяўленьне ўсяго праекту было б пад вялікім пытаньнем. Выказваем падзяку скульптару Геніку Лойку, які выцерпеў катаваньні ў лукашысцкай турме за беларускую пазыцыю, але здолеў ўцячы ад рэжыму і завершыць творчую працу над праектам. Мы дзякуем нашым сябрам, хто змаглі далучыцца да нас у такі ўрачысты і важны момант.

Былі рады прывітаць Ховарда Колінса, выконваючага абавязкі дырэктара карпарацыі мясцовага развіцця Атлантык Авеню; Джона Кунстадтэра , намесніка пасла ЗША у Беларусі у 2000—2001 гадах, аўтара 5 фотапраектаў прысьвечаных беларускай глыбінцы. Мы асабліва ўсьцешаны былі тым, што да нашай урачыстасьці далучыліся прадстаўнікі украінскай, польскай і літоўскіх дыяспар у Нью Ёрку. Дзякуем прадстаўнікам украінскай дыяспары: Іванцы Заяц, Прэзідэнту Нью-Ёркскага аддзяленьня Украінскага кангрэсовага камітэта Амэрыкі (UCCA), Андрэю Дабранскаму, дырэктару па сувязях Украінскага кангрэсовага камітэта Амэрыкі і Валянціне Бардаковай, валянтэрцы і актывістцы украінскай дыяспары ў Нью Ёрку, што нягледзячы на вайну і на ачарняльную прапаганду супраць беларускага народа, выказалі падтрымку беларусам, якія знаходзіцца ў закладніках дыктатарскага рэжыма. Спадарыня Іванка Заяц выказала прадзяку беларусам, якія далучаюцца да батальёна Кастуся Каліноўскага і змагаюцца ва Ўкраіне супраць расейскай акупацыі.

Дзякуем прадстаўнікам польскай дыяспары Стэфану Олеяшу, незалежнаму аналітыку палітыцы бяспекі, адстаўному афіцэру арміі ЗША, член-заснавальніку і цяперашняму выканаўчаму віцэ-прэзідэнту Амерыканскай асацыяцыі сяброў Касцюшкі ў Вест-Пойнце, і Кшыштафу Грабоўскаму, кіраўніку па разьвіцьцю бізнэсу Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю, якія далучыліся да ўрачыстасьці з нагоды адкрыцьця бюстаў Герояў і выказалі падтрымку беларускаму народу ў барацьбе за яго волю і за незалежнасьць Беларусі. Выказваем асобную падзяку Стэфану Олеяшу за цікавы расповяд з унікальнымі бібліяграфічнымі фактамі аб асобе Андрэя Тадэвуша Банавэнтуры Касьцюшкі.

Дзякуем прадстаўнікам літоўскай дыяспары ў Нью Ёрку Дыяне Тамкявічэне і Вітасу Тамкявічусу, якія далучыліся да важнай паедзі беларускай дыяспары, каб выказаць падтрымку беларускаму і ўкраінскаму народам у змагманьні супраць расейскай акупацыі.

Таксама былі рады прывітаць беларусаў з розных куткоў Амэрыкі, што знайшлі магчымасьць далучыцца да ўрачыстасьці ці даслаць сьвяточныя прывітаньні. Так, Алесь Кот, беларускі актывіст, сябра Згуртаваньня беларусаў Канады, сябра Прэзідыюму Рады БНР, прыехаў з Таронта (Канада), каб далучыцца да Адркыцьця Бюстаў Герояў.Рады былі прывітаць Юрыя Беленькага, намесьніка старшыні КХП БНФ, дарадцу па эканамічным пытаньні. З прывітаньнямі і віншаваньнямі з Каліфорніі далучылася Надзея Нортан, прэзідэнтка Асацыяцыі Беларусаў Амэрыкі. Таксама да ўрачыстасьці далучыліся Віталь Зайка – старшыня Беларуска-Амэрыканскага Згуртаваньня “Пагоня”, Ірына Хадарэнка і Андрусь Асадчы – прадстаўнікі Беларускай Асветніцкай Лігі Амэрыкі. З прывітаньнямі з Фларыды далучыліся сябры БАЗА: Натальля Багацішчава, Сяргей і Паліна Чарняк, Аляксандра і Андрэй Пушкаровы.

Прывітальныя лісты былі атрыманыя ад Івонкі Сурвілы, старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, і Жанны Чарняўскай, старшыні Беларусаў Чыкага. Асобную падзяку выказваем актывістам Нью Ёркскага аддзела БАЗА і ўсім сябрам, хто дапамагаў у рэалізацыі праекта на любым яго этапе: Вадзіму Васільеву, Дзянісу Дземчанка, Сяргею Мядзьведзеву, Ігару Вырвічу, Ганьне Сурмач, Тацьцяне Красоўская, Натальлі Федарэнка, Сяргею Кудзелічу, Аксане Пятрашка, Віктару Данілаву, Андрэю Дундукову, Валеру Мінцу, Уладзіміру Караткевічу, Аксане Раманюк, Міхаілу Чаропку.