12 ліпеня ў Нью-Ёрку, у беларускім цэнтры на Атлантык Авэню 401 адбылася прэзентацыя кнігі сп. Юлі Андрусышын. Кніга выйшла ў сьвет пад назваю “Забыцьцю не адданае” і была надрукаваная ў Беларусі.
Юля Андрусышын вядомая сярод беларукай эміграцыі ў Амэрыцы. як актыўная ўдзельніца беларускага грамадзкага жыцьця. Яна належыць да паваеннай хвалі эміграцыі, нарадзілася і дзіцячыя гады правяла ў Менску, 12-гадоваю дзяўчынкаю з сямьёю выехала на Захад улетку 1944 году. Жыла ў лягерах ДП у Нямеччыне, вучылася там ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. Потым разам з роднымі пераехала ў Амэрыку, асталяваліся ў Нью-Ёрку. Усё амэрыканскае жыцьцё сп. Юлі было зьвязана з Мангэттанам і тут яна жыве да сёньняшняга дня ў сваёй кватэры на 6 вуліцы, якую абжывалі разам з мужам-украінцам Паўлом Андрусышыным і двума сынамі Юрчыкам і Данчыкам.
З першага погляду – звычайны эміграцыйны лёс паваенных выгнанцаў з Беларусі. Аднак, лёс сп. Юлі мае сваю непаўторную асаблівасьць. Каранямі свайго паходжаньня сп. Андрусышын зьвязаная з вядомымі ў гісторыі Беларусі родамі. Найперш, пра іх кніга аўтаркі , пра семьі, якія аказаліся зьвязанымі між сабою і далі жыцьцё новым пакаленьням. Менавіта дзякуючы сваім караням сп. Юля сталася адданай, непахіснай патрыёткаю сваёй Бацькаўшчыны і засталася ёю праз цэлае жыцьцё на чужыне.
Па маці Яніне Каханоўскай сп. Юля належыць да роду братоў Івана і Антона Луцкевічаў – пачынальнікаў і актыўных дзеячаў новага беларускага Адраджэньня. Іх родная сястра Эмілія, якая выйшла замуж за прадстаўніка вядомага роду Шабуняў – гэта тая самая баба Міля, пра якую аўтарка так шмат з любоўю згадвае на старонках кнігі.
Другая бабуля – Вольга, нашчадак роду Песьлякаў. Ейны продак Алоіз Песьляк, народжаны ў Трокскім уездзе на Віленшчыне ў сямьі прыналежнай да старадаўняга літоўскага роду, быў сябрам Тамаша Зана і Яна Чачота, пацярпеў ад перасьледу царскіх уладаў у вельмі маладым веку і быў высланы ў кандалах у Сібір. Так і застаўся ў Расеі, але некаторыя ягоныя нашчадкі, у тым ліку і бацька сп. Юлі – Вадзім Каралёў, вярнуліся на Бацькаўшчыну.
Пра розныя адгалінаваньні сваёй радаводнай сп. Юля распавядае з дакладнай падрабязнасьцю, бачна, што рупліва зьбірала зьвесткі пра ўсіх, занатоўвала іх, хаця ніколі раней не думала, што напіша кнігу. Але, прыйшоў час і разам з ім асэнсаваньне патрэбы занатаваць гэта ў друкавнай кнізе і такім чынам не аддаць забыцьцю ўсё гэта. Як летапісец сваёй сямьі, яна выканала гэтую ролю адказна і сумленна.
Сп. Юля, вядома, распавядае і пра свой уласны лёс, пра тыя дзіцячыя ўражаньні, што засталіся ў памяці пра даваенны Менск, пра ваенныя гады і акупацыю, пра тое, як выглядала вайна вачыма дзіцяці, пра той драматычны падзел, які прынесла вайна ў іхную сямью, што сталася расьцярушанаю па сьвеце.
У кнізе шмат цікавых і каштоўных для гісторыі фотаздымкаў. Пра іх варта сказаць асобна. Здабыла іх сп. Юля не ў нейкіх архіўных установах, а мае ва ўласных сямейных эборах. У тыя драматычныя дні ліпеня 1944 году, калі трэба было сьпешна пакідаць Менск, дарослыя рыхтаваліся ў дарогу, бралі патрэбныя побытавыя рэчы. А 12-гадовая Юля выцягнула з шуфлядаў сямейныя фотаальбомы і выбрала з іх усе фоткі, склала ў сумку і павесіўшы яе праз плячо падалася ў дарогу, захапіла, праўда, яшчэ толькі свайго коціка. Вось такія, на яе думку, самыя дарагія для яе рэчы і найлепшага сябра. Можна толькі зьдзіўляцца глыбіні дзіцячага розуму, які здолеў так асэнсаваць сапраўдныя каштоўнасьці ў такой драматычнай сытуацыі, калі трэба было хутка і назаўсёды пакідаць родны дом. Так з гэтай торбачкаю і прайшла яна праз усе выпрабаваньні, пераезды і пераходы па дарогах вайны і пасьляваеннай разрухі. А потым і прывезла іх параплавам у Амэрыку, таму і мае цяпер гэты каштоўнейшы сямейны архіў і падзялілася гэтым скарбам з намі – чытачамі кнігі.
Сп. Юля падае нам найлепшы прыклад, як трэба шанаваць гісторыю свайго роду, сваёй сямьі, сваёй краіны ўрэшце.
У сваім уступным слове аўтарка падзялілася развагамі пра тое, чаму і для каго напісала сваю кнігу, што яшчэ засталося не дапісанае.
Далей прамаўляла сп. Валянціна Трыгубовіч – рэдактар кнігі, якая разам з аўтаркаю шмат працавала над тым, каб кніга была падрыхтаваная як мага больш дасканала і дайшла да друку. Сп. Валянціна высока ацаніла значнасьць выданьня, асабліва ў тым асьпекце, што гэта адна з нямногіх кнігаў успамінаў, напісаных жанчынамі. Жанчыны больш эмацыянальна ўспрымаюць падзеі і апісваюць іх з большай дакладнасьцю, асабліва побытавыя рэчы, што вельмі важна захаваць для гісторыі. У гэтым кантэксце думку падтрымаў і сп. Зянон Пазьняк, які гаварыў пра тое, што вельмі важна дакладна апісваць рэальнае жыцьцё свайго часу, а не толькі выбітныя падзеі і гераічныя вучынкі. Ён таксама зьвярнуў увагу і на яшчэ адну повязь роду сп. Юлі праз Луцкевічаў з пісьменьніцаю Зоськаю Верас (Людвікаю Сівіцкай) , на дачцы якой Галіне быў жанаты Лявон Луцкевіч.
Ганна Сурмач выказала сваю асабістую радасьць з таго, што можа сёньня трымаць кнігу у руках, бо ад самага пачатку была прысутная пры яе нараджэньні, ад ідэі напісаньня і да сумеснага з Юляю абмеркаваньня зьместу. Высока ацаніла значнасьць выданьня з пункту гледжаньня гісторыі і выказала падзяку сп. Юлі за гэтую важкую працу. Таксама яна зьвярнула ўвагу прысутных на выставу, якая была падрыхтавана да прэзентацыі, дзе прадстаўлена творчасьць сп. Юлі, як мастачкі -вышывальшчыцы. Шмат гадоў яна займалася мастацкаю вышыўкаю і яе вырабы ёсьць амаль у кожным беларукім доме.
Сяргей Капытка – прадстаўнік новай беларускай эміграцыі ў Амэрыцы нагадаў, што сп. Юля так шмат дапамагала новым эмігрантам на пачатку жыцьця на новым месцы. Яе гасьцінная хата заўсёды была адчыненая для новых людзей. Асабліва падкрэсьліў значнасьць для гуртаваньня новай эміграцыі вандровак ў “Родны кут” – пабудаваны сямьёй Андрусышыных беларускі асяродак у горах, дзе заўсёды было утульна пасядзець ля вогнішча, пагаманіць, пасьпяваць. Мала хто са старэйшай і новай эміграцыі не пабываў у “Родным куце”, гэта такая памятная беларуская мясьціна, якую трэба захаваць. Сп. Юля, мала піша пра гэта ў сваёй кнізе, пра гэта павінны пісаць мы самі і дзякавць сп. Юлі за падтрымку і дапамаогу.
Адметнасьцю прэзентацыі і сюрпрызам для ўсіх была прысутнасьць за сталом побач з аўтаркаю і яе гасьцей, што адмыслова прыехалі на сьвята. З Вільні разам з 15-гадовым сынам Янкам прыляцела Алеся Луцкевіч, дачка Юркі Луцкевіча і ўнучка Антона Луцкевіча. Яна таксама ўзяла слова і на мілагучнай беларускай мове выказала свае пачуцьці і падзялілася ўспамінамі пра бацьку. Сястра сп. Юлі па бацьку Вольга Пішкова прыехала з расейскага Іжэўска, дзе цяпер жыве, бо некалі выйшла туды замуж. Яна цяпер займаецца справаю ўшанаваньня памяці Песьлякаў, у Сібіры мясцовыя краязнаўцы знайшлі іх сядзібу і аднаўляюць яе. Абедзьве госьці згадваюцца аўтаркаю ў кнізе і сваёй прысутнасьцю як бы ажывілі яе старонкі.
Сп. Юля ўзяла з сабою на прэзентацыю і дзесятак кніг, якія хутка былі набытыя прысутнымі з аўтографам аўтаркі для кожнага асабіста.
У зале прысутнічала значная колькасьць моладзі, якая з асаблівай цікавасьцю слухала выступы і адкрывала для сябе невядомыя старонкі нацыянальнай гісторыі. Сустрэча аўтаркі з чытачамі адбывалася ў цёплай сяброўскай атмасфэры, яшчэ доўга людзі не разыходзіліся і бавілі час у размовах і ўспамінах. Выказваліся думкі, што патрэбна, каб больш такіх мемуарных кніг пісалася і друкавалася, бо яны даюць найбольш праўдзівую інфармацыю пра мінулае, перадаюць непаўторны дух часу праз успрыняцьце канкрэтных людзей – сучасьнікаў падзеяў.