Запрашаем вас далучыцца да жалобнага мітынгу супраць пагрозы ядзернай вайны і прымеркаванага да 36-ай гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Мітынг пройдзе 26 красавіка 2022 года ў 6:00 гадзін апоўдні на Таймс Сквэр (Times Square) на Манхэттане. Далучайцеся да мітынгу, каб ушанаваць памяць нявінных ахвяраў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і таксама прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да бандытскіх дзеяньняў расейскіх акупацыйных войскаў вакол атамных электрастанцыяў ва Ўкраіне, якія нясуць пагрозу ня толькі Ўкраіне і Беларусі, але і ўсяму сьвету.
Жахі сёньняшняй вайны ва Ўкраіне, абстрэл і захоп Чарнобыльскай і Запароскай АЭС паказалі нам, што Расея выкарыстоўвае атамную энэргетыку дзеля палітычнага шантажу і нават у вайсковых дзеяньнях, ствараючы тым самым высокую пагрозу экалагічнай катастрофы ў Еўропе, наступствы якой будуць трагічныя для ўсяго чалавецтва.