Нью-Ёркскае аддзяленьне Беларуска-Амерыканскага Задзіночаньня “БАЗА”, Беларуская Асветніцкая Ліга Амерыкі (BELA), Беларуска-Амерыканскае Згуртаваньне “Пагоня”, а таксама супольнасць “RAZOM for Ukraine” правялі сумесны жалобны мітынг супраць пагрозы ядзернай вайны, а таксама ён быў прымеркаваны да 36-ай гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Мерапрыемства адбылося 26 красавіка а шостай гадзіне вечара на Таймс Сквэр (Times Square) на Мангэттане і прыцягнула ўвагу шматлікіх наведвальнікаў гэтага пляцу.
Акцыя мела мэтай ушанаваць памяць ахвяраў Чарнобыльскае катастрофы і прыцягнуць увагу міжнароднае супольнасьці да бандыцкіх дзеяньняў расейскіх акупацыйных войскаў вакол атамных электрастанцыяў ва Ўкраіне, якія нясуць пагрозу ня толькі Ўкраіне і Беларусі, але і ўсяму сьвету.
Падчас мітынгу словы бралі ўдзельнікі. Першай выступіла Аксана Пятрашка, старшыня Нью-Ёркскага аддзяленьня Беларуска-Амерыканскага Задзіночаньня “БАЗА”. Яна распавяла, што Чарнобыльская трагедыя – гэта спроба маскоўскага рэжыму ажыццяўляць палітыку генацыду супраць беларускага і ўкраінскага народаў. Тысячы людзей сталі ахварамі наступстваў аварыі і сотні тысяч пацярпелі ў выніку вымушанага перасяленьня са сталага месца жыхарства. І таму сёньня асабіста недапушчальна каб Крэмль выкарыстоўваў ядзерную энэргію ў якасьці інструменту шантажу цывілізаванага сьвету. Такія спробы павінны быць рашуча прыпыненыя.
Віталь Зайка, старшыня Беларуска-Амерканскага Згуртаваньня “Пагоня” адзначыў, што цяперашняя гадавіна Чарнобылю адрозьніваецца ад папярэдніх. Гэтым разам навіны пра Чарнобыль тычыліся катастрофы расейскага ўварваньня, якая стала вынікам упэўненасьці быццам з Пуцінам “можна мець справу”. Украіне давалі ўсяго толькі пару дзён, каб “ганарова пратрымацца”. Але ўжо пасля сталі дапамагаць саліднымі сродкамі вядзеньня рэальных, сучасных вайсковых дзеяньняў. Таму нашая задача цяпер–трэба не даць палітыкам схібіць яшчэ раз, трэба змусіць іх стаць на шлях поўнай і безумоўнай падтрымкі Ўкраіны, якая цяпер змагаецца не толькі за сябе. Яна змагаецца за ўвесь Вольны Сьвет, за ўсіх нас. Нельга дазваляць пуцінскаму рэжыму ўжываць нуклеарную рэторыку, спрабуючы кампэнсаваць паразы ад украінскага войска на полі бою. Вяртаючыся да тэмы аварыі Чарнобылю, прамоўца адзначыў, што на забруджаных абшарах Беларусі дасюль жыве каля мільёну чалавек, і яны застаюцца фактычна сам-насам з Чарнобыльскай бядой. Беларусам і ўкраінцам трэба аб’яднацца супраць яе, гэтаксама як і супраць іншай бяды—расейскай акупацыі, і Вольны Сьвет мусіць дапамагчы ў нашым змаганьні.
Ірына Хадарэнка, прэзідэнтка Беларускай Асветніцкай Лігі Амерыкі (BELA) распавяла, што катастрофа на Чарнобыльскай атамнай станцыі закранула кожнага жыхара Беларусі, але і сёньня рызыка новай аварыі нікуда ня зьнікла. Пару гадоў таму на тэрыторыі краіны была пабудаваная атамная станцыя ў Астраўцы. Па меркаваньнях некаторых экспэртаў кошт будоўлі быў завышаны ў дзясяткі разоў, а гэта значыць, што грошы былі скрадзены і на будоўлі ёсць шматлікія праблемы. Гэта сёння можна бачыць праз праблемы на станцыі і частыя паведамленьні пра непаладкі. Акрамя таго, там працуюць беларускія спецыялісты, якіх расіяне паступова вывозяць да сябе, гэта значыць працягваюць пазбаўляць Беларусь інтэлектуальнага і працоўнага патэнцыялу. Ірына разам з сабраўшыміся запатрабавала спыніць шантаж пры дапамозе гэтай станцыі, а таксама зачыніць станцыю ў Астраўцы як вельмі небяспечную.
Артур Згураў, прадстаўнік супольнасці “RAZOM for Ukraine” напомніў, што ва Ўкраіне зараз ёсць 5 атамных станцыі і самая вялікая з іх ужо была абстарляна расейскімі войскамі. Ён адзначыў, што калі гэта станцыя ўзарвецца, то гэта зробіць немагчымым жыццё ва ўсёй Эўропе. Таму задача зараз ва ўсіх, а асабліва ў новага пакалення, не маўчаць, а патрабаваць і спыняць расейскую агрэсію, якая нішчыць не толькі Ўкраіну, але й Беларусь, іх сучаснасць і іх культурную спадчыну.
Таксама ўдзельнікі запалілі свечы ў памяць ахвяр аварыі на ЧАЭС і ўшанавалі іх хвілінай маўчаньня.