Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне пры падтрымцы Згуртаваньня Беларусаў Канады 3-га і 4-га верасьня 2022 году правяло 34-ю Сустрэчу Беларусаў Паўночнай Амэрыкі, якая прайшла ў беларускім цэнтры ў Саўт Рывер, Нью Джэрзі.
На пачатку мерапрыемства ўдзельнікі заслухалі звароты Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, старшыні Беларускага нацыянальнага сакратарыяту «Вольная Беларусь» Зянона Пазьнка, пісьмовыя звароты ад ЗБС “Бацькаўшчына” Алены Макоўскай і Ніны Шыдлоўскай.
У першы дзень падчас круглага стала былі заслуханыя выступы актывістаў розных беларускіх арганізацый ЗША і Канады.
Ад Асацыяцыі Беларусаў Амэрыкі (АБА) выступілі Жана Чарняўская (Чыкага), Яўген Сокалаў (Бостан), Піліп Гаўрышаў (INeedHelpBY), Сяржук Шалыга і Глеб Івашкевіч (Belarus Freedom, Філадэльфія), старшыня АБА Надзея Нортан і Наста Хадкевіч (Сан-Францыска).
Ад Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) прамовілі старшыня Натальля Федарэнка і сакратар Галоўнай управы Міхась Чаропка.
Ад Згуртаваньня беларсаў Канады выступіла старшыня Алена Лявончанка, а таксама Алесь Кот.
Свае прамовы зрабілі Павал Куцавол (Human Rights Foundation), Андрусь Дундукоў (Каардынацыйны цэнтр дапамогі беларускім ваярам ва Ўкраіне), Юрась Беленькі (прадстаўнік беларусаў Мінесоты, дэпутат Вярхоўнага Савета XII скліканьня) і іншыя.
Таксама ў сустрэчы прыняў удзел старшыня Вашынгтонскага аддзелу БАЗА Яўген Барысевіч.
Першы дзень быў завершаны сьвяточным абедам і канцэртам. На сцэне выступілі Kozak Family Ethno Trio (Валянціна Пархоменка, заслужаная артыстка Беларусі, Алесь Казак, Вольга Казак), а таксама Надзя Чэчэт, Зісл Слеповіч і Яўген Магаліф.
На другі дзень пасля дыскусіі былі прынятыя да распрацоўкі наступныя дакуманты: Рэзалюцыя, Зварот да беларусаў Паўночнай Амэрыкі і звароты ў Міжнародны суд пры ААН, да ўрадаў ЗША, Канады, Эўрапейскага саюзу.
Была дасягнута дамова, што наступная сустрэча адбудзецца праз 2 гады ў Канадзе.
Пасьля афіцыйнай часткі, удзельнікі працягнулі адпачынак на сьвежым паветры каля будынку беларускага цэнтру. Бавілі час за сяброўскімі размовамі, смажылі барбекю, гралі ў валейбол. Адначасна госьці мелі магчымасьць атрымаць асалоду ад музычнага выступу сямейнага гурта Тацьцяны і Валянціна Дзямешчыкаў.
Выказваем падзяку ўсім, хто прыехаў і стаў госьцем мерапрыемства, а таксама актывістам і валанторам, якія дапамаглі падрыхтаваць і правесьці сустрэчу на самым высокім узроўні!
Актыў Беларуска-Амэрыкансканга Задзіночаньня
(БАЗА)