20 лістапада, у нядзелю, прайшоў гадавы справаздачна-выбарчы сход Нью-Ёрскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА). Падзея адбылася ў грамадзкай залі Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага на 401 Атлантык Авэню ў Брукліне. Сваю першую справаздачу на пасадзе старшыні Аддзелу зрабіла сп. Аксана Пятрашка. Яна ўпершыню стала кіраўнічкаю Аддзелу пасьля абраньня на лістападаўскім сходзе мінулага году. З выступу старшыні было выразна бачна, што яна сама і ўвесь склад Управы працавалі даволі плённа, было зроблена шмат чаго карыснага і цікавага. Свой першы іспыт сп. Аксана вытрымала з годнасьцю.
Скарбнік Аддзелу сп. Сяргей Кудзеліч у сваёй кароткай справаздачы распавёў пра фінансавы стан Аддзелу, які выглядае даволі прыстойна. Старшыня Рэвізійнай камісіі сп. Пятрашка паведаміў, што камісія зрабіла праверку фінансавай дакумэнтацыі Аддзелу і не знайшла заўважных парушэньняў.
Сябра Управы Аддзела і рэдактар газэты “Беларус” сп. Ганна Сурмач давяла да ведама прысутных інфармацыю пра дзейнасьць Рэдакцыі газэты “Беларус”, у складзе якой бяруць удзел сябры Нью-Ёрскага Аддзелу. Газэта цяпер мае свой сайт у інтэрнэце – Bielarus.info і выходзіць у электронным варыянце. Рэдакцыя таксама плянуе выдаваць гадавы нумар газэты з найбольш значнымі публікацыямі ў папяровым варыянце. Сп. Сурмач выказала асаблівую падзяку за працу ў Рэдакцыі сябру Аддзелу сп. Міхалу Чаропку, які вядзе сайт газэты. Таксама падзякавала журналісту Алесю Пазьняку, які аператыўна падае інфармацыю ў газэту пра ўсе падзеі беларускага жыцьця ў Амэрыцы. Рэдактар заклікала прысутных браць больш актыўны ўдзел у інфармацыйным забесьпячэньні дзейнасьці беларусаў у Нью-Ёрку, дасылаць у газэту свае інфармацыі, артыкулы, паведамленьні.
Удзельнікі сходу прынялі да ведама справаздачы і падтрымалі станоўчую ацэнку дзейнасьці Управы Аддзелу за мінулы справаздачны год.
Далей адбыліся выбары складу Управы Аддзелу на наступны год. У першую чаргу трэба было абраць старшыню Управы. З улікам актыўнасьці і адказнасьці сп. Аксаны Пятрашкі на пасадзе старшыні яе кандыдатура была прапанаваная на пераабраньне. Таксама была пададзена прапанова абраць старшынём вельмі актыўнага сябра Аддзела сп. Міхала Чаропкі. Але, ён узяў самаадвод у сувязі з тым, што хоча больш часу аддаваць працы з газэтным сайтам. У выніку патаемнага галасаваньня сп. Аксана Пятрашка была ў другі раз абраная старшынёю Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА.
Прысутныя да сходзе падтрымалі прапанаваны новаабранай старшынёй сьпіс сяброў у новы склад Управы аддзелу, які ў выніку галасаваньня быў зацьверджаны. У склад Управы аддзела ўвайшлі:
Чаропка Міхал – заступнік старшыні
Шыкаловіч Надзея –сакратар
Сяргей Кудзеліч –скарбнік
Красоўская Тацьцяна – сябра
Аксана Раманюк – сябра
Ганна Сурмач – сябра
Валеры Мінец – сябра
Таксама быў абраны новы склад Рэвізійнай камісіі:
Сяргей Рудкоўскі – старшыня
Максім Пабярэжнік – сябра
Юры Козінцаў – сябра
Таксама быў абраны новы склад Рэвізійнай камісіі:
Сяргей Рудкоўскі – старшыня
Максім Падбярэжнік – сябра
Юры Козінцаў – сябра
На завяршэньне сходу слова ўзяла сп. Аксана Пятрашка. Яна падзякавала ўсім, хто працаваў з ёю ў мінулым годзе, прывітала новых сяброў Управы і запрасіла іх да актыўнай працы.
Ганна Сурмач