Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (БАЗА) выказвае рашучы пратэст супроць прапановы, якую выказаў Уладзімір Пуцін пад час сустрэчы з Лукашэнкам у Санкт-Пецярбургу – абвесьціць у Беларусі 2023 год “Годам расейскай мовы”. Гэтая прапанова – глыбокая абраза для нашага народу, якая не можа быць талераваная і дараваная намі.
Цягам апошніх двух стагоддзяў Расейская Імперыя пасьлядоўна і мэтанакіравана вынішчае ўсё, што зьвязана з беларускай мовай і нацыянальнай культурай. Пуцін добра разумее, што канчатковы захоп Беларусі немагчымы без зьнішчэньня беларускай мовы – галоўнай прыкмэты беларускай ідэнтычнасьці.
Лукашэнка адназначна падтрымаў гэтую абразьлівую прапанову Пуціна. Поўная русіфікацыя беларускага народу – гэта іх агульная мэта. Будучы расейскай марыянеткаю, Лукашэнка робіць усё магчымае, каб выканаць загад з Масквы па зьнішчэньні беларускага народу, яго культуры, мовы, гісторыі.
Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне заяўляе, што правядзеньне дыктатарскім рэжымам акцыі “2023 год – год расейскай мовы у Беларусі” з’яўляецца здрадай у адносінах да нацыянальных інтарэсаў беларускага народу.
Мы заклікаем беларусаў на Бацькаўшчыне і ў замежжы, усе беларускія грамадзкія і палітычныя структуры рашуча выступіць супроць варожых нам плянаў двух дыктатараў, якія разам вядуць вайну на зьнішчэньне Украіны і такія ж мэты маюць адносна Беларусі. Разам мы павінны аказаць супраціў намерам расейскай “імпэрыі зла” канчаткова русіфікаваць Беларусь і тым самым забясьпечыць анэксію тэрыторыі краіны..
Жыве Беларусь!
Нью-Ёрк