Дарагія беларусы, ад імя Галоўнай управы БАЗА віншую вас з 105-ымі ўгодкамі Абвешчаньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэты дзень мы слушна называем Днём Волі, бо 25 сакавіка 1918 года мара ўсіх пакаленьняў беларусаў, што жылі і цярпелі пад імпэрскім гнётам і змагаліся за аднаўленьне сваёй дзяржавы, нарэшце ажыцьцявілася.
Мы шчасьлівыя, што беларусы, што стаялі ў вытокаў БНР, зрабілі амаль немажлівае і абвесьцілі аб ставарэньні незалежнай беларускай дзяржавы, і заклалі цьвёрды падмурак для нашай Бацькаўшчыны, які быў скарыстаны ў 1991 годзе, калі паўстала незалежная Беларусь.
Мы цешымся, што праз гады ўнутранай акупацыі беларусы знайшлі ў сабе сілы і паўсталі супраць дыктатара ў 2020 годзе.
Мы смуткуем сёньня, бо наш народ знаходзіцца паміж ціскамі двух дыктатараў, а ў нашай роднай суседняй Украіне ідзе жахлівая вайна.
Але мы ўдзячныя ўсім нашчадкам і героям, якія змагаліся і сёньня змагаюцца за нашую лепшую будучыню, і мы зробім усё мажлівае, каб яе наблізіць.
Зычым усім беларусам сілы духу ў супроцьстаяньні з цемрай!
Мы верым у нашую Агульную Перамогу!
Жыве Беларусь!
Слава Ўкраіне!
Натальля Фэдарэнка
Старшыня Галоўнай управы
Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня