Шаноўныя сябры, беларусы Нью-Ёрку і ваколіцаў!
11 траўня мы рыхтуемся адначыць Дзень Сьв. Кірылы Тураўскага, выбітнай духоўнай асобы Зямлі Беларускай. Гэтае сьвята мае асаблівае значэньне для нашай Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы (БАПЦ), у складзе якой дзейнічаюць тры храмы, што носяць імя Сьв. Кірылы Тураўскага. Адзін у Таронта ў суседняй Канадзе і два храмы у Нью-Ёрку ў Брукліне і Квінсе, але на адной і той жа вуліцы –Атлантык Авэню.
Сабор у Брукліне на 401 Атлантык авэню ёсьць асноўным Катэдральным Саборам БАПЦ. Ён добра вядомы беларусам Нью-Ёрку, бо зьяўляецца адначасна і Беларускім нацыянальна-культурным цэнтрам, дзе адбываюцца не толькі багаслужбы , але і розныя беларускія грамадзкія імпрэзы. Кожны год Сабор урачыста сьвяткуе дзень памяці Сьв. Кірылы Тураўскага, чыё імя годна носіць. Сёлета сьвята будзе адбывацца 14 траўня. Але, яно мае сваю адметную асаблівасьць.
У гэтым годзе да БАПЦ далучылася Царква Сьв. Кірылы Тураўскага ў Квінсе. Яна была пабудаваная беларусамі , але належала да Усяленскага Патрыярхату. Вернікі выказалі жаданьне далучыцца да незалежнай беларускай праваслаўнай царквы, што дзейнічае ў эміграцыі і мы з радасьцю ўспрынялі гэтую навіну. Цяпер мы будзем разам і сьвяткаваць у гэтым годзе вырашылі разам. Па гэтай прычыне сьвяткаваць будзем цягам двух дзён.
Адчыніць сумеснае сьвяткаваньне храм у Квінсе 13 траўня ў суботу. Парафіяльная рада храму запрасіла прыхажанаў храма з Брукліну прыняць удзел ва урачыстасьцях, на якіх будзе прысутны кіраўнік БАПЦ архіепіскап Сьвятаслаў. Адбудзецца архірэйская багаслужба, а пасьля сяброўская сустрэча з пачастункам у грамадзкай залі.
У сваю чаргу Парафіяльная рада храма ў Брукліне запрасіла вернікаў з Квінсу на сваё сьвяткаваньне ў нядзелю 14 траўня, дзе таксама адбудзецца архірэйская багаслужба з удзелам Уладыкі Сьвятаслава, а потым сяброўскія размовы з пачастункам у грамадзкай залі.
Парафіяльныя рады абодвух храмаў сардэчна запрашаюць усіх нашых суродзічаў прыняць удзел у сьвяткаваньні ў абодвух храмах. Сваім удзелам вы не толькі падтрымаеце дзейнасьць нашых праваслаўных храмаў на чужыне, але і будзеце мець магчымасьць пабачыцца з сябрамі і знаёмымі ў гэтыя сьвяточныя дні, а таксама знайсьці шмат новых сяброў і паплечнікаў.
13 траўня 2023
Царква Сьв. Кірылы Тураўскага ў Квінсе: 104-29 Atlantic Avenue, Richmond Hill, NY 11418
Пачатак багаслужбы – 10.00 гадзін раніцы ( пажадана прыйсьці ў храм у 9.45)
Даезд: трэйн А (які ідзе ў бок Ozone Park), ехаць да прыпынку 104 Street, далей прайсьці некалькі блёкаў да Атлантык Авэню.
Трэйны J, Z – да 104 Street
Трэйн F даехаць да Forest Hill , там перасесьці на трэйн E , даехаць да Sutphin Blvd і там ізноў перасесьці на трэйн J,ці Z, даехаць да 104 Street і там праз некалькі блёкаў дайсьці да Атлантык Авэню. Гэты варыянт выглядае больш складаным, але на самай справе даехаць можна даволі хутка.
14 траўня 2023
Сабор Сьв. Кірылы Тураўскага у Брукліне: 401 Atlantic Avenue, Brooklyn, NY 11217-1702
Пачатак багаслужбы – 10.00 раніцы.
Паркоўка для аўтамабіляў забясьпечана.
Інфармацыя ад
Парафіяльнай рады
Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне