Юбілей газэты “Беларус”

У нядзелю 25 кастрычніка свой 65-гадовы юбілей адзначала газэта беларускай дыяспары ў Амэрыцы – “Беларус”. Першы нумар газэты выйшаў у Нью-Ёрку 20 верасьня 1950 году. Залажыла выданьне створанае паваеннай эміграцыяй ў 1949 годзе Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (БАЗА).

Газэта цалкам выдаецца на ахвяраваньні сваіх чытачоў і рыхтуецца рэдакцыйнымі калектывамі цягам усіх гэтых гадоў на грамадзкіх пачатках. Да сёньняшняга часу у сьвет выйшла 616 нумароў.

“Беларус” – адно са старэйшых перыядычных беларускіх выданьняў у замежжы. Можна сказаць, што гэта сёньня амаль адзіная эміграцыйная газэта, якая ўтрымалася такі доўгі час. “Беларус” адлюстроўвае не толькі жыцьцё амэрыканскіх беларусаў, але і падае інфармацыі пра беларускія асяродкі ў розных іншых краінах, а таксама і пра навіны з Бацькаўшчыны. Ад пачатку і да сёньня газэта трымаецца ў сваім зьмесьце патрыятычных поглядаў, падтрымлівае ідэю дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, ідэі дэмакратыі і свабоды, прапаганды і абароны беларускай культуры і мовы.

Юбілейная імпрэза адбылася у Беларускім цэнтры на Атлянтык Авэню 401 у Нью-Ёрку. Ганаровым госьцем і асноўным прамоўцам быў сп. Вітаўт Кіпель. Шмат гадоў ён супрацоўнічаў з газэтаю і ўкладаў сваю працу ў яе выданьне разам са сваёй жонкаю Зораю і блізкімі палечнікамі. Сп. Кіпель зачытаў прывітальны ліст ад сп. Янкі Запрудніка, які цягам 15 гадоў быў галоўным рэдактарам, але ў гэты дзень не здолей прыйсьці на юбілей. Ад імя цэлай сваёй адданай беларускай справе вялікай сямьі сп. Вітаўт зрабіў сапраўды “царскі” падарунак газэце – ахвяраваньне на 1 тыс. дал.

Сучасны галоўны рэдактар газэты сп. Ганна Сурмач зачытала атрыманыя віншаваньні з юбілеем – ад сп. Івонкі Сурвіллы – старшыні Рады БНР, ад Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, ад Згуртаваньня беларусаў Канады і Парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага з Таронта, ад сп. Валеры Барташа з Севастопаля. Яна таксама згадала гісторыю выданьня, кожнага з ягоных папярэдніх галоўных рэдактараў, прадэманстравала першы нумар газэты і запрасіла прысутных азнаёміцца з падрыхтаванай у залі выставай.

Сябра Рэдакцыі сп. Тацьцяна Красоўская распавяла, як даносіцца газэта да чытачоў, куды ідзе рассылка, зачытала некаторыя атрыманыя лісты са словамі падзякі. Сябра Рэдакцыі, які ажыцьцяўляе кампутарны набор нумароў газэты, сп. Мікола Шыдлоўскі заклікаў прысутных больш актыўна супрацоўнічаць з газэтаю, падаваць свае інфармацыі, каб зьмест газэты стаў больш шырокім.

Расьціслаў Гарошка, як адзін са старэйшых чытачоў газэты, пажадаў выданьню посьпехаў, каб яно працягвала жыць у будучыні.

Імпрэза скончылася ўспамінамі пра розныя адметныя моманты ў жыцьці газэты, сьмешныя выпадкі. Так, сп. Гарошка нагадаў, як жонка аднаго з былых рэдактараў газэты цягам 20 гадоў сп. Станіслава Станкевіча прасіла сяброў на нейкім сходзе БАЗА :”Не адбірайце ў яго газэту, бо ён памрэ”. Дзякуючы такім вось энтузіястам і дажыў “Беларус” да гэтага паважнага 65- гадовага веку.

 

IMG_2085IMG_2086IMG_2088IMG_2095IMG_2092IMG_2101