Адкрыцьцё Мемарыяла памяці ахвяраў Галадамору ва Украіне

У суботу 7 лістапада ў Вашынгтоне адбылася адметная падзея, пасьля якой у сталіцы ЗША афіцыйна існуе памятка пра адну з трагічных старонак 20 стагоддзя – Галадамор ва Украіне ў 1932-33 гадох. У гэты дзень адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцьця Мемарыяла памяці ахвяраў Галадамору . Справакаваны злачыннай савецкай уладаю жорсткі голад загубіў тысячы і тысячы жыцьцяў бязьвінных людзей. Аднак, гэтая ўлада не жадала прызнаць сваю віну і да сёньня ў Расеі не прызнана, што Галадамор быў злачынствам , скіраваным супроць украінскага народу. Украінцы ацэньваюць гэту трагедыю, як генацыд супроць іх нацыі. Пад час мітынгу выступілі прадстаўнікі амэрыканскіх уладаў, дзеячы украінскай эміграцыі, з Украіны прыехала жонка прэзыдэнта Марына Парашэнка, было паказана відэа з прывітальным словам Пятра Парашэнкі.

Н а ўрачыстасьць зьехаліся ўкраінцы з цэлай Амэрыкі, з Нью-Ёрку таксама прысутнічала вялікая грамада. БАЗА атрымала запрашэньне прыняць удзел і наша дэлегацыя ўскладзе 15 асобаў разам з украінцамі з Нью-Ёрку таксама выехала ў Вашынгтон. Мы лічылі патрэбным падтрымаць нашых суседзяў і раздзяліць з імі радасьць і смутак. Стараліся мы як найбольш выразна прадставіць нашу прысутнасьць на мітынгу, разгарнулі вялікі бел-чырвона -белы сьцяг, зрабілі плякат з Пагоняю і надпісам “Беларусь”. Так што абыйсьці ўвагаю нашу групу было амаль немагчыма, шмат людзей падыходзілі, пыталіся , рабілі фота. Там мы сустрэлі даўняга сябра беларусаў – амэрыканскага дыплямата і выдатнага фатографа Джона Кунстадара, які таксама наведаў урачыстасьць.

Мы былі прыемна ўражаныя, як добра ўсё было арганізавана, як было ўсё зручна зроблена для людзей, як урачыста і ўзьнёсла адбывалася цырымонія. Спадабаўся і сам Мемарыял , які ўяўляе сабою сьцяну даўжынёю 10 м. са стылізаванымі пшанічнымі каласамі на ёй. Калосьсе, як сымбаль урадлівых украінскіх палёў, надавала асаблівае гучаньне трагедыі. Багаты ўраджай і голад – дзьве несумяшчальныя рэчы маглі быць абьяднаныя толькі злой воляю тых, хто зламысна справакаваў Галадамор.

Варта парадавацца за украінцаў, за іх салідарнасьць, за іх высокую самасьвядомасьць , за іх адказнасьць перад сваёй краінай, гісторыю якой яны вяртаюць з забыцьця. Агульнымі высілкамі яны здолелі аднавіць і ўшанаваць памяць пра ахвяраў Галадамору , паставілі ім помнік у Кіеве і цяпер ў цэнтры сталіцы ЗША, гэтую памяць ужо не сьцерці. Мы бачылі вакол сябе людзей у вышыванках, з адухоўленымі, натхнёнымі тварамі. Верыцца, што і сёньняшнюю бяду ўкраінская нацыя пераадолее і пабудуе новае больш шчасьлівае жыцьцё.IMG_2269IMG_2274IMG_2281IMG_2304IMG_2302IMG_2277IMG_2306IMG_2293IMG_2298