Размова пра мову

31 студзеня ў грамадзкай залі Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага на Атлантык Авэню 401 у Нью-Ёрку адбылася лекцыі пра ролю мовы ў жыцьці беларускай нацыі, з якою выступіў сп. Зянон Пазьняк. Нагодаю сталася перавыданьне ім кнігі Яўгена Каханоўскага (Калубовічв)  “Мова ў гісторыі беларускага пісьменства”. Кніга была напісана вядомым беларускім дзеячам і навукоўцам і выдадзена ў 1974-1975 г.г. (Мюнхен-Лёндан). Аўтар падрыхтаваў дзве кнігі гэтага выданьня. Сп. Пазьняк пакуль перавыдаў толькі першую частку.
У сваім выступе сп. Пазьняк на падставе зьместу кнігі паказаў, якой багатаю была культура Вялікага Княства Літоўскага і як культурныя набыткі нашага народу масава зьнішчаліся і рабаваліся найбольш нашым усходнім суседам – Расеяю, і таксама ў некаторых выпадках прыўлашчваліся і заходнімі суседзямі – Польшчаю і Літвою.
Выступоўца падкрэсьліў асаблівую значнасьць для захаваньня культуры нацыі друкаванай кнігі, згадаўшы вядомыя словы ” Напісанае застаецца” і словамі з Бібліі ” Спачатку было слова…” Слова – гэта асноўная прыкмета чалавека, але слова кожным народам выказваецца па-свойму, так ствараліся нацыянальныя мовы і яны ёсьць галоўным духоўным набыткам кожнай нацыі. Мовы яднаюць народы ў нацыі, яны служаць сродкам разьвіцьця нацыі, яны ёсьць нацыянальныя коды, якія перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне. Усе тыя нацыянальныя культурныя каштоўнасьці, пра якія гаворыцца ў кнізе, аб’ядноўвае найперш мова – яны напісаныя на нашай мове і ў першую чаргу належаць нам.
Сп. Пазьняк, як навукоўца-гісторык, засяродзіў увагу і на тым, што нацыянальная культура рабавалася не толькі суседзямі, але і ўласнымі манкуртамі. У савецкія часы ў бібліятэках і архівах існавалі закрытыя сховішчы, дзе ад грамадзтва хавалася найперш тое лепшае, што было напісана на беларускай мове. Яшчэ горш, што многае зьнішчалася ўвогуле, папросту спальваліся каштоўныя кнігі на падставе таго, што імі быццам ніхто не карыстаецца і яны дарма займаюць месца, якое трэба вызваліць для захаваньня масавай прасавецкай псэўдалітаратуры.
Далей пад час абмеркаваньня ішла гаворка пра тое, што трэба сёньня асабліва дбаць пра захаваньне нашых нацыянальных набыткаў, нашай мовы і ўсяго лепшага, што на ёй напісана. Ганна Сурмач зьвярнула ўвагу на тое, што нашы магчымасьці для захаваньня зараз пашырыліся. Беларускія кнігазборы ёсьць у НЬю-Ёркскай публічнай бібліятэцы, У Славянскай бібліятэцы ў Празе, у Варшае. Мы можам перадаваць туды кнігі, якія выдаюцца цяпер сьвядомай беларускай грамадзкасьцю і якія не зьбіраюць дзяржаўныя бібліятэкі ў Беларусі. Мікола Шчэрба заклікаў упарадкаваць бібліятэку, якая ёсьць пры нашым беларускім цэнтры, прапанаваў даручыць працу па стварэньні каталёга нашай моладзі. Вельмі эмацыйным быў выступ прадстаўніцы якразь гэтай моладзі – Натальлі Федарэнка. Яна ўзрушыла прысутных сваёй глыбокай заклапочанасьцю лёсам страчаных архіваў і бібліятэк, выказала надзею, што яшчэ можна нешта вярнуць, што патрэбна шукаць, патрабаваць вяртаць, бо гэта наша ўласнасьць.
Прысутныя выказалі самую шчырую зацікаўленасьць тэмаю лекцыі, актыўна абмяркоўвалі, задавалі пытаньні. Прыемна было бачыць, што тэма для іх важная, што ёсьць глыбокае разууменьне існуючых праблемаў і гатовасьць самім не стаяць у баку, а спрыяць па магчымасьці захаваньню тут на чужыне сваёй мовы, знаёміцца з тымі каштоўнасьцямі, якія стварыла беларуская нацыя на сваім гістарычным шляху.

Ганна Сурмач

 

imageimageimageimageimageimageimage