28 лютага 2016 года ў грамадскай залі Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага на Атлантык Авэню 401 у Нью-Ёрку прайшла імпрэза, прысьвечаная 270-м угодкам ад нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі. Рыхтавала сьвята маладзёвая група Бруклінскага аддзелу БАЗА пад рэжысёрскім кіраўніцтвам сяброўкі Управы Аддзелу Натальлі Федарэнка, з галоўным рэфератам выступіў Зянон Станіслававіч Пазьняк.
Сьвяточную імпрэзу адчыніў Барыс Здольнікаў, які вельмі пранікнёна выконваў ролю Тадэвуша Касьцюшкі. Апрануты ў нацыянальны строй, ён прачытаў адозву Касьцюшкі да ваяроў.
Сп.Пазьняк падрабязна распавёў прысутным пра жыцьцё Тадэвуша Касьцюшкі і прывеў шмат гістарычных фактаў, якія сьведчаць, што Тадэвуш Касьцюшка быў сапраўдным героем, дэмакратам і патрыетам бацькаўшчыны. Андрэй Тадэвуш зрабіў неймаверны ўнёсак у гісторыю Беларусі, Польшчы і Амерыкі, нездарма па ўсім сьвеце існуюць вуліцы, станцыі метро і масты названыя ў яго гонар.
Было адзначана, што існуе шмат твораў прысьвечаных Тадэвушу Касьцюшку, што сьведчыць пра тое, што наш народ заўсёды ведаў, паважаў і заховаў памяць пра нашага героя. Як прыклад гэтаму, Сьвятлана Казачок прадэклямавала верш сучаснага пісьменьніка Уладзіміра Гардзейкі “Ружа Касьцюшкі”, галоўным зьместам якога ёсьць ідэя волі і незалежнасьці Беларусі.
Вольга Талатынік выступіла з фільмам, які сама зьняла, пра сядзібу Касьцюшкі і закранула пытаньне не самага лепшага стану сядзібы. Прысутныя выказалі шчырую зацікаўленасьць наконт будучыньні сядзібы.
Імпрэза атрымалася ўражлівая, прысутныя актыўна абмяркоўвалі тэму, задавалі пытаньні.