У нядзелю шаснаццатага студзеня 2022 года ў беларускім цэнтры пры саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне па адрасе 401 Atlantic Ave адбылася Калядная Вечарына. Яна прайшла з удзелам самага вядомага і таленавітага калядоўшчыка, Сержука Доўгушава – сьпевака, фалькларыста, этна-музыкі, стваральніка «Спеўнага схода», удзельніка калектыву Vuraj, кіраўніка ўстановы “Этнатрадыцыя”.
Усіх гасьцей чакала цікавая праграма з каляднымі песьнямі, танцамі і гульнямі, самых малодшых чакалі падарункі. Па традыцыі дзеткі падрыхтавалі вершы, танцы і песьні для калядаваньня.
Арганізатарамі свята сталі Нью-Ёркскі аддзел БАЗА сумесна з Парафіяльнай Радай сабору Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне.
На свята сабралося шмат гасьцей, і што асабліва прыемна – было шмат дзетак!
Вечарыну ўрачыста адчыніў царкоўны хор Парафіяльнай Рады. Спевакі ўнеслі галоўны атрыбут свята – Калядную зорку і праспявалі калядныя гімны. Пасля да справы прыступіў Сержук Доўгушаў. Разам з ім прысутныя дапамагалі Казе ачуняць і сабраць мех падарункаў. Мядзведзь рыкаў і лавіў удзельнікаў гульні. Калядны Казёл зьбіраў хлопцаў і дзяўчат на вясельле. Таксама не абышлося без жаніцьбы Цярэшкі, танцу “Ойра”, бясконцых хараводаў і іншых традыцыйных народных забаваў.
Усе госці засталіся вельмі задаволеныя. Вось, што распавёў адзін з удзельнікаў – Сяргей Шыманскі:
– Свята надта спадабалася. Мы першы раз на Калядках, але дакладана не апошні. Галоўнае, што вельмі спадабалася дзецям. Ды і ўвогуле трэба больш і часцей збірацца на такія мерапрыемствы!
Ірына Ярмалінская з Нью Ёрку таксама падзялілася сваімі ўражаньнямі:
– Мне вельмі спадабалася. Я прыйшла за “запалам” і яго атрымала. Зараз выдатны настрой на ўвесь дзень! Сустрэла шмат знаёмых, і хацелася б каб такі настрой заставаўся ў людзей як мага дольш і тады на Зямлі ўсё будзе добра!
Ала Орса-Рамана, кіраўніца парафіяльнага хору:
– У мяне надзвычайныя ўражанні ад калядкаў! Мы хорам рыхтавалі больш багатую праграму, але ўмяшаўся кавід. У нейкі момант мы зусім хацелі адмовіцца ад выступу, але ўсё ж такі вырашылі паўдзельнічаць – і не шкадуем! Настрой – на вышыні! Таксама жадаю падзякаваць БАЗА, што зрабілі разам гэта мерапрыемства і так выдтана атрымалася нашае супрацоўніцтва. Ёсць жаданне працаваць разам і надалей. Таксама дзякую Сяргею Доўгушаву – ён зрабіў вельмі добрую справу!
Пра мерапрыемства выказалася і Аксана Пятрашка – старшыня Нью-Ёркскага аддзела БАЗА:
– У мяне уражанні – супер. Было вельмі весела, прыйшло шмат дзяцей, моладзі, што вельмі натхняе і дае ўпэўненасць, што ў нас у беларусаў і нашай культуры будзе будучыня на амерыканскай зямлі. Вельмі спадабаліся конкурсы для дзяцей і дарослых. Шмат хто прымаў у іх ўдзел і ўсе былі задаволеныя. Выдатныя ўражанні!
Свае эмоцыі “па гарачых слядах” выказаў і галоўны ўдзельнік Калядкаў – Сяргей Доўгушаў: –
Мне вельмі спадабалася. У Брукліне сабралося шмат дзяцей. І таму свята адбылося – атрымалася правесці больш гульняў. Агулам вельмі пазітыўны і ўзнёслы Калядны настрой. У царкве свая атмасфера і таму атрымоўваецца ладзіць асабліва выдатныя Каляды.
Усе ўдзельнікі Калядкаў пагадзіліся, што святкаванне атрымалася як ніколі вясёлым і ўзнёслым. Праз аднаго ўдзельнікі прапанавалі праводзіць такія мерапрыемствы як мага часцей. Вядома ж, што чым больш мы будзем збірацца разам, тым больш згарутемся як адзіная беларуская сям’я, хоць і за тысячы кіламетраў ад родных хат, але ж незабыўшымі свае карані, святы і традыцыі.
Міхась Чаропка
БАЗА
Бруклін, Нью Ёрк, ЗША
19 студзеня 2022 года