Беларусы прынялі ўдзел у акцыі We Stand with Ukraine

У сімвалічны дзень пачатку паўстаньня Кастуся Каліноўскага – 21 студзеня 2022 году на Union Square у Нью Ёрку, беларусы прынялі ўдзел у акцыі падтрымкі Украіны “We Stand with Ukraine”.

Украінскі Кангрэсавы Камітэт Амерыкі і Сусветны Кангрэс Украінцаў заклікаў украінцаў, а таксама сяброў Украіны прыяднацца да сусветнай кампаніі дэманстрацыі падтрымкі ўкраінскага народу, яго права на свабоднае жыцьцё і мір на сваёй зямлі.

Беларуская дыяспара ў Нью Ёрку не засталася ў баку і яе прадстаўнікі таксама прынялі ўдзел у акцыі. Сябры Нью-Ёркскага аддзела БАЗА (Беларуска-Амерыканскага задзіночання) прыйшлі на Union Sqaure на Манхэттане са сьцягамі і плакатамі ў падтрымку права украінцаў на вольнае жыццё ў сваёй краіне.

Ня гледзячы на халоднае надвор’е, сабралося шмат людзей. Акцыя доўжылася гадзіну і падчас яе было шмат прамоваў аб становішчы вакол Украіны, аб магчымым уварваньні Расеі, аб небяспецы і неабходнасці ўсебаковай падтрымкі. 

Выступілі таксама і беларусы. У сваёй прамове Міхаіл Чаропка – сябра Беларуска-Амерыканскага задзіночання – распавёў удзельнікам акцыі, што зараз на ўсходзе Еўропы вырашаецца не толькі лёс вольнай Украіны, але і свабоды для ўсяго еўрапэйскага кантыненту. Агрэсіўныя дзеяньні Расеі павінны быць спыненыя, і Украіне, якая змагаеца сам-насам, павінна быць аказана ўсебаковая дапамога. Таксама ад лёсу Украіны залежыць і лёс Беларусі, тэрыторыю якой зараз запаланілі войскі РФ, і суверэнітэт і самастойнасць якой зараз як ніколі пад пагрозай знікненьня. 

Беларусы заўсёды застаюцца вернымі сябрамі ўкраінцаў і гатовыя іх падтрымаць. Зараз асабліва крытычны момант для абодвух краін, калі агрэсар Расея сваімі дзеяньнямі спрабуе развесьці два народы па розныя бакі лініі фронту. Але сваёй падтрымкай сапраўдныя патрыёты Беларусі паказваюць, што тое немагчыма па сутнасьці: беларусы і ўкраінцы – братэрскія народы, гісторыя якіх глыбока пераплеценая. Мы праходзілі шмат гістарычных выпрабаваньняў поруч. Так і сёньня: знойдзецца шмат беларусаў, якія прыйдуць на дапамогу ўкраінцам ў самай складанай сітуацыі.

Міхась Чаропка  

БАЗА  

Бруклін, Нью Ёрк, ЗША

21 студзеня 2022 года