Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне вельмі занепакоена сучаснай сітуацыяй у Беларусі. У апошнія дні ў краіну прыбыла вялікая колькасьць расейскіх войскаў. Гэта супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, пагражае канчатковай стратай суверэнітэту і незалежнасьці краіны, ставіць Беларусь пад пагрозу магчымага вайсковага ўдару ў выпадку вайны Расеі з Украінай.
Расейскія акупацыйныя войскі на тэрыторыі Беларусі могуць канчаткова прывесці да страты дзяржавай магчымасьці вырашэньня сваёй унутранай і знешняй палітыкі, а таксама да ўцягваньня ў войны, якія вядзе Расея.
Дадзенаму становішчу паспрыяла мэтанакіраваная палітыка нелегітымнага ўзурпатара ўлады ў Беларусі Лукашэнкі А.Р.
Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне заклікае да неадкладнага вываду расейскіх акупацыйных войскаў з тэрыторыі Беларусі. Мы таксама выступаем за вяртаньне Беларусі паўнавартаснага нейтральнага статусу і выхаду з дамоваў з Расеяй, якія пагражаюць беларускай незалежнасці і суверэнітэту.
Галоўная Управа
Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня
30 студзеня 2022 года