У нядзелю 13-га лютага 2022 года а 15-й гадзіне каля будынку Абьяднаных Нацый у Нью Ёрку адбылася акцыя пратэсту супраць размяшчэньня расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі.
Мерапрыемства было арганізавана Беларуска-Амерыканскім Задзіночаннем (БАЗА) і Беларуска-Амерыканскім Згуртаваннем “Пагоня”. Падчас акцыі першым з прамовай выступіў старшыня “Пагоні” Віталь Зайка. Ён выказаўся пра неабходнасць максімальнай агалоскі сітуацыі ў Беларусі і вакол яе. Акрамя таго сп. Зайка падкрэсьліў, што зараз Беларусі як ніколі патрэбна салідарнасць і прымяненьне персанальных санкцый супраць кіраўніцтва краін-агрэсараў. Па меркаваньню сп. Зайкі толькі такім чынам можна спыніць надыходзячую катастрофу.
Другім выступоўцам быў сябра Нью-Ёркскага аддзела БАЗА – Міхась Чаропка. Міхась выступіў з прамовай аб тым, што ў час жорсткіх рэпрэсій на Бацькаўчыне менавіта беларусы замежжа павінны стаць голасам задушанай Беларусі і няспынна звяртаць увагу сусьветнай супольнасьці на сітуацыю ў краіне. Міхась падзяліўся меркваньнем, што асноўная дапамога беларусам унутры краіны будзе толькі з боку беларусаў замежжа.
Таксама выступіла намесьнік старшыні Галоўнай управы БАЗА, рэдактар газэты “Беларус” – Ганна Сурмач. Спадарыня Ганна выступіла з прамовай аб тым, што асноўная задача міжнародных арганізацый кшталту ААН – гэта прадухіляць міжнародныя канфлікты і акты агрэсіі ў свеце. Cпадарыня Сурмач падкрэсьліла, што сёньняшняя сітуацыя абавязвае нас, сябраў вольнай Беларусі, уздымаць свой голас і зьвяртаць увагу міжнароднай супольнасьці і міжнародных арганізацый на тое, што адбываецца ў Беларусі, каб рэакцыя ААН і міжнароднай супольнасьці вяла да прыпыненьня дзеяньняў краін-агрэсараў. Тое асабліва істотна зараз, калі краіны свету ізноў стаяць на парозе новага перадзелу межаў і паглынаньня адных дзяржаў іншымі.
Апрыканцы мітынгу ўдзельнікі сфармавалі калону і прайшлі з лозунгамі аб свабодзе Беларусі, спыненьні акупацыі і падтрымцы Украіны.
Афіцыйная Заява ад Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня адносна разьмяшчэньня расейскіх акупацыйных войскаў на тэрыторыі Беларусі была даслана ў Прадстаўніцтва ААН у Нью Ёрку.
Міхась Чаропка
БАЗА
Бруклін, Нью Ёрк, ЗША
13 лютага 2022 года