ВІНШУЕМ З ДНЕМ ВОЛІ

22-га сакавіка ў Нью-Ёрку адбылося сьвяткаваньне 97-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. У гэтым годзе Дзень Волі аб’яднаў больш за сотню беларусаў, што пражываюць у Нью-Ёрку і яго навакольлях, сярод якіх было шмат ганаровых гасьцей.

Сьвяткаваньні пачаліся з Багаслужбы і малебна за Беларусь у Саборы Сьвятога Кірылы Тураўскага. Па сканчэньні службы ў грамадзкай зале, што пры царкве, адбылося адкрыцьцё выставы мастацкай фатаґрафіі Алеся Крыштаповіча. Акрамя выставы наведвальнікі мелі магчымасьць азнаёміцца і набыць рэдкія кнігі беларускага друку замежжа на кірмашы-выставе, якую ладзіла Фундацыя П. Крачэўскага.

Афіцыйнае адкрыцьцё мерапрыемства пачалося ўрачыстым унясеньнем сьцягу і выкананьнем гімну БНР “Мы выйдзем шчыльнымі радамі…”.

З прывітальным словам і віншаваньнямі да грамады зьвярнулася старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, а таксама старшыня Галоўнай Управы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) Ганна Сурмач. Выступоўцы адзначылі важнасьць салідарнасьці і гуртаваньня беларусаў замежжа перад выклікамі сучаснасьці. З прамовай пра гістарычны шлях Беларусі да незалежнасьці выступіў старшыня аддзелу БАЗА ў Нью-Ёрку Андрэй Асадчы. Пра палітычную сытуацыю і небясьпеку незалежнасьці краіны прысутным распавёў старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі – БНФ Зянон Пазьняк. Заключным выступам афіцыйнай часткі мерапрыемства стала прамова былога шматгадовага старшыні БАЗА Антонія Шукейлойца.

Працягнуў праґраму сьвяточны канцэрт з ўдзелам гурту Litvakus, выступ якога быў сустрэты авацыямі аўдыторыі. Скончылася мастацкая частка народнымі сьпевамі ў выкананьні трыа Аляксандры Турчэнковай, Алены Рыдзеўскай і Алы Орса-Рамана, а таксама паэтычнымі чытаньнямі вершаў Рыгора Барадуліна ў выкананьні Галіны Пазьняк.

Сьвяткаваньне Дня Волі ў гэтым годзе было вельмі шматлюдным і прайшло ў пазытыўнай сяброўскай атмасфэры! Што дае веры, што ідэалы 25-га сакавіка жывуць і будуць жыць!