Шаноўныя сябры!
Віншуем вас з Днём Волі!
25 сакавіка 1918 году ў Менску найлепшыя сыны беларускага народу, выбраная Ўсебеларускім Кангрэсам – Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, выдалі і абвясьцілі акт вялікай гістарычнай вагі – Устаўную грамату аб незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі на прасторы усіх ейных зямель, “дзе жыве і мае лічбавую перавагу беларускі народ”.
У Грамаце задэкляравана жаданьне беларускага народу жыць вольным жыццём, быць самастойным гаспадаром сваёй зямлі і волі. Наступны час толькі зацьвердзіў гэтае волевыяўленьне і 25 жніўня 1991 года Беларусь здабыла поўную Незалежнасць.
Прайшло трошку больш за 30 год і беларускі народ зноў павінен змагацца за сваю волю і дзяржаву. Сёньня Беларусь перажывае час “падвойнай акупацыі”. З аднаго боку імпэрская Расея акупавала сваімі войскамі тэрыторыю краіны і выкарыстоўвае яе для нападу на Украіну. З іншага боку – прамаскоўскі дыктатарскі рэжым Лукашэнкі вынішчае знутры наш нацыянальны актыў і тым самым нішчыць ўвесь беларускі народ. Але гэта не спыніць шчырых змагароў за волю і незалежнасць Бацькаўшчыны. Нашая колькасьць толькі расьце і мы цьвёрда крочым наперад са сьцягам Беларускай Народнай Рэспублікі, нязломна – да перамогі!
Мы верым, што час цемры скончыцца і праўда пераможа праз перамогу Ўкраіны над расейскай акупацыяй. Беларускі народ у сваю чаргу прыкладаў і будзе прыкладаць для гэтага ўсе свае сілы да поўнай перамогі. І тады ізноў над Беларусяй залунае бел-чырвона-белы сьцяг самастойнай, незалежнай і заможнай краіны.
Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне
25 сакавіка 2022 году