23 жніўня 2015 года ў Беларускім цэнтры ў Нью-Ёрку на Атлантык Авэню 401 адбылася ўрачыстая імпрэза, прысьвечаная Дню аднаўленьня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, калі 25 жніўня 1991 году Дэклярацыі аб незалежнасьці ад 27 ліпеня 1990 году быў нададзены статус канстытуцыйнага закону і наша краіна набыла юрыдычны статус незалежнай дзяржавы. З таго часу Беларусь зьявілася на мапе сьвету як самастойная краіна, а ў самой Беларусі распачаўся працэс дзяржаўнага будаўніцтва. Пра падзеі таго часу распавёў сп. Зянон Пазьняк – непасрэдны іх ўдзельнік , лідэр апазыцыі ў Вярхоўным Савеце , якая ініцыявала прыняцьце закону аб незалежнасьці і дамаглася, каб ён стаўся рэальнасьцю. Са сьвятам прысутных вітала госьця з Канады – старшыня Рады БНР сп. Івонка Сурвілла.
Сп. Галіна Пазьняк па мастацку пранікнёна задэклямавала патрыятычныя вершы Ларысы Геніюш, галоўным зьместам якіх ёсьць ідэя волі і незалежнасьці Беларусі.
У другой палове імпрэзы адбылася прэзэнтацыя новых кнігаў, якія сваёй тэматыкаю непасрэдна зьвязаныя са сьвяткаваньне і ўдала дапоўнілі ягоную праграму .
Госьць з Прагі, журналіст Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода, намесьнік старшыні Рады БНР сп. Сяргей Навумчык прадставіў свае дзьве новыя кнігі пра падзеі 1994 і 1995 гадоў ў Беларусі, калі аднаўлялася наша дзяржаўнасьць і як пачыналася станаўленьне маладой краіны. Ён таксама быў актыўным удзельнікам тых падзеяў.
Вядучая імпрэзы – старшыня Бруклінскага аддзелу БАЗА сп. Тацьцяна Красоўская прадставіла слова прысутнаму госьцю – выбітнаму дзеячу беларускай эміграцыі ў ЗША сп. Вітаўту Кіпелю. Яна адзначыла, што менавіта беларуская эміграцыя захоўвала ў савецкія часы ідэю незалежнасьці Беларусі і кожны год сьвяткавала ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году.
Сп. Кіпель прапанаваў увазе прысутных сваю кнігу ўспамінаў “Жыць і дзеіць”, што выйшла сёлета ў Менску. Ён падкрэсьліў, што галоўны сэнс кнігі і адлюстраванага ў ёй ягонага асабістага жыцьця як раз і ёсьць гэтая ідэя змаганьня за незалежнасьць Бацькаўшчыны. Усё, што рабіла эміграцыя, было накіравана дзеля таго, каб гэты дзень настаў. Адмыслова на імпрэзу ў Нью-Ёрк прыехаў рэдактар кнігі, журналіст Радыё Свабода сп. Сяргей Шупа , які таксама ўзяў слова і выказаў ўдзячнасьць сп. Кіпелю за ягоную працу і тое, што ўсё гэта цяпер занатавана для гісторыі.